Ці будзе ва ўсім Мінску чыстая вада?

Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі 18 кастрычніка сустрэліся з дырэктарам Мінсквадаканалу Алегам Аўруціным, каб абмеркаваць перавод Мінска на артэзіянскую ваду. 

water_2614538_1280.jpg


Сустрэча адбылася ў межах кампаніі «За чыстую ваду», якую пры падтрымцы кампаніі «Права выбару» праводзіць будучы прамоўца БХД Таццяна Усіновіч.
За тое, каб сталіца цалкам перайшла на артэзіянскую ваду, раней былі сабраны тысячы подпісаў.
Сёлета Мінсквадаканал па даручэнні Мінгарвыканкаму распрацоўваў праектна-каштарысную дакументацыю, каб вызначыцца, па якой схеме будзе весціся праца па гэтым накірунку. Па выніках сустрэчы з Алегам Аўруціным стала вядома, што прыняты праект па пераводзе Мінску на артэзіянскую ваду.
Праект прадугледжвае, што існуючыя водазаборы паўднёвай групы будуць перабурвацца, каб павялічыць іх магчымасці па заборы вады, а таксама будуць прабурвацца новыя свідравіны. За кошт гэтага плануецца цалкам забяспечыць Мінск артэзіянскай вадой. Праект ужо зацверджаны. Фактычна ён не прадугледжвае будаўніцтва чагосьці новага, але мадэрнізацыю ўжо існуючых водазабораў. Таксама будуць будавацца новыя станцыі абезжалезвання і ачысткі, каб можна было апрацаваць новыя аб'ёмы вады.
Аднак праблема ў тым, што не вызначана, адкуль будуць брацца грошы на рэалізацыю гэтага праекту. За гэта адказны Мінгарвыканкам, якому перадаў свае распрацоўкі вадаканал.
«Таму задача зараз грамадскасці — аказваць ціск на Мінгарвыканкам і нацыянальныя ўлады, каб у наступным годзе былі прынятыя і зацверджаныя рашэнні адносна фінансавання гэтага праекту. Па словах кіраўніка вадаканалу, ён самы бюджэтны з чатырох прапанаваных. Так што, забяспечыць Мінск артэзіянскай вадой магчыма і ўсё для гэтага ёсць», — адзначыў кіраўнік БХД у Мінску Дзяніс Садоўскі.
На пытанне, ці магчыма, каб гэтыя працы завяршыліся да 2030 года, дырэктар вадаканалу заявіў, што гэта залежыць ад фінансавання. Але, паводле яго, гэта магчыма, аднак залежыць перадусім ад Мінгарвыканкаму.
«Таму кампанія хрысціянскіх дэмакратаў «За чыстую ваду» працягваецца, ёсць канкрэтны вынік — сітуацыя зварухнулася з мёртвай кропкі. Але мы будзем і надалей падымаць гэтае пытанне, каб сапраўды дамагчыся чыстай вады для Мінску», — заявіў Дзяніс Садоўскі.

bchd.info