Царкве «Новае жыццё» пагражае крымінальны пераслед за малітвы побач з забраным будынкам
Вернікам таксама выставілі рахунак амаль на 460 тысяч рублёў, паведамляе «Свабода».
Мінскія ўлады папярэдзілі пратэстанцкую царкву «Новае жыццё» пра адказнасць за масавыя малітвы каля забранага будынку без дазволу.
На адрас пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі прыйшлі падобныя лісты з Мінскага гарвыканкаму і Маскоўскага райвыканкаму Мінску.
Што напісалі чыноўнікі
На гук ад набажэнстваў скардзяцца жыхары суседніх дамоў.
Малітвы каля царквы ўлады разглядаюць як сістэматычныя масавыя мерапрыемствы, за якія можа быць адказнасць аж да крымінальнай.
Грамадзе прапанавалі арандаваць залі ў палацах культуры.
Пра выдзяленне ўчастку для будаўніцтва новага храма не можа быць гаворкі да аплаты запазычанасці.
Запазычанасць складае амаль 460 тысяч рублёў, амаль уся гэтая сума — зямельны падатак.
Запазычанасць збіралася з таго часу, як суд пазбавіў «Новае жыццё» правоў на будынак. Царква лічыла гэтае рашэнне незаконным і таму не плаціла падатку, бо рэлігійныя грамады ад яго вызваленыя.
Гісторыя «Новага жыцця»
Грамада хрысціянаў поўнага Евангелля «Новае жыццё» была зарэгістраваная ў 1992 годзе.
У 2002 годзе яна купіла былы кароўнік тады яшчэ ў вёсцы Сухарава Мінскага раёну, адрамантавала яго і стала праводзіць у ім набажэнствы.
У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную грамаду права карыстання зямельным участкам.
У кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Калі сітуацыя вакол «Новага жыцця» займела шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.
У 2009 будынак царквы афіцыйна перадалі на баланс ЖРЭА Маскоўскага раёна.
У 2020 годзе вернікі «Новага жыцця» пасля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаванняў, ілжывых сведчанняў у судах, маніпуляцый.
17 лютага 2021 года судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэнні сілавікоў падчас малітвы. Яны апісалі маёмасць, а вернікаў выгналі, пагражаючы арыштам.
На месцы царквы ўлады плануюць збудаваць школу з басейнам, а навокал — густанаселены мікрараён.