Чаму Лукашэнка не баіцца скарачаць чыноўнікаў?
Кіраўнік Беларусі загадаў скараціць дзяржапарат на 25 працэнтаў. Што гэта — чарговы піяр ці вымушаны крок? Ці сапраўды чыноўнікаў стане менш? На пытанні Радыё "Сваюода" адказвае галоўны рэдактар НЧ Аляксей Кароль.
— Выглядае, што кіраўніцтва дзяржавы прыйшло да разумення неабходнасці скарачэння чынавенскага апарату. Але якія прычыны падштурхнулі да такога
рашэння — эканамічныя, арганізацыйныя, прапагандысцкія?
— Тут шэраг складнікаў, і эканамічны выглядае самай відавочнай прычынай. Другая прычына — скарачэннем апарату Лукашэнка працуе на свой імідж,
у падтрымку сацыяльнай дамовы з насельніцтвам. Даецца яўны сігнал, мэта якога — вяртанне даверу электарату.
Трэці складнік — скарачэнне апарату як выйсце з эканамічнага тупіку адбываецца паводле лякалаў савецкай бюракратычнай цэнтралізаванай сістэмы. Аднак Лукашэнка іншай
ня ведае, і працуе па адпрацаванай гадамі схеме. Але тыя савецкія скарачэнні эфекту не давалі, пасля кожнага апарат зноў вяртаўся ды тых самых памераў
і нават вырастаў.
— Магчыма, варта скарачаць функцыі, а не людзей?
— Трэба мадэрнізаваць сістэму, каб яна была самарэгулюемай. А такой сістэмай у палітыцы з’яўляецца дэмакратыя,
а ў эканоміцы — свабодная эканоміка.
— Палітолагі адзначаюць, што сваімі дзеяннямі апошнія месяцы Лукашэнка сапраўды хоча выклікаць любоў большасці электарату — паездкі на заводы,
пасадкі чыноўнікаў. Аднак ці не баіцца ён такімі дзеяннямі выклікаць незадавальненне чыноўнікаў? Ці ён гэтага ўжо не баіцца?
— Я думаю, што скарачэнне закране ў асноўным сярэднія ці ніжнія звёны і не закране верхатуру. А сістэма самазахавання ўлады замкнёна
на вяршыні піраміды, а там калі і будзе бізун, то будзе і пернік. І гэтая сістэма ў гэтым сэнсе дастаткова ўстойлівая. Наменклатурныя
перавароты арганізуюцца зверху, а там у Лукашэнкі поўны кантроль.