Чалавек і балота — адна экасістэма

Творцы, эколагі і іх госці 19 снежня прэзентавалі фільм “Подых балот” і адкрылі фестываль мастацкіх практык і крытычных ведаў “Багна” ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.



1_14.jpg

Гэты вялікі праект сяброў ГА “Чыстая вада”, якое курыруе кампанію “У абарону беларускіх балот”, зладзілі ў 2014 годзе, фундатарам быў Рэгіянальны экалагічны цэнтр (Венгрыя). Былі выдадзеныя паштоўкі з выявамі кампазіцый, зробленых падчас фестывалю “Багна” на балоце Морачна, а фільм пачынаючы з лютага з’явіцца ў вольным доступе ў сеціве.

Іх плошчы нашых балотаў

“Паўсюль — і ў Растове, і ў Харкаве, і ў Маскву, і ў Адэсе, і ў Днепрапятроўку — дзе яны толькі не былі”, — расказваюць пра продаж чырвоных кіслых журавін бабулі, седзячы на лаўцы, нібы сяброўкі-школьніцы. Яны з вёскі Гарадня (блізу балота Морачна).

greenbelarus.info__files_field_ima_10a3bdadc3df9dea306b540c590513fd.jpeg

Праскоф’я Ільчэўская з гэтай жа вёскі гадоў у 18 сама пачала вазіць ягады ў Растоў: “Па 50 капеек стакан — гэта што хочаш можна было купіць. Рубль быў вельмі дарагі — я і шафу сабе набыла, і машыну швейную, і койку, як замуж выходзіла”.

“Выходзіць, задарма працавалі: заплацяць капеек 30 ці 70 на дзень — такія былі заробкі ў калгасе”, — дадае, як і многія тут, з выяўным украінскім маўленнем іншая бабуля.

Зараз іх балоты “здзічэлі”, пазарасталі, як кажуць з экрана яны і іншыя героі фільма. У дакументах гэта значыцца суха — змяншэнне плошчы балот з 2939 да 863 тысячы гектар за 50 год. І можа быць, што балотаў зробіцца яшчэ менш.

Гараджанам, якія рэдка бываюць у вёсцы

“2013 год у нас быў прысвечаны адвакатыўным практыкам, мы намагаліся на заканадаўчым узроўні абараніць кожную тэрыторыю [з тых, што меліся быць асушанымі паводле пастанаўлення № 794, — аўт], — кажа Вольга Каскевіч, каардынатарка ГА “Чыстая вада”.

greenbelarus.info__files_field_ima_ebee134d1a537f25bc950a25c48b71e3.jpeg

— У гэты ж час мы працавалі з людзьмі і разумелі, што ў гарадах многія не ўсведамляюць важнасць балот у Беларусі і свеце. І мы вырашылі зладзіць некалькі культурных праектаў і трансляваць значнасць захавання балот праз медыі.

Мы ў экспедыцыях знаёміліся з жыццём балот і разумелі, што людзі, якія жывуць непасрэдна ля іх — частка экасістэмы. Яны вельмі шмат год, напрацягу ўсяго свайго жыцця, зараблялі з балот. Слухаючы гісторыі людзей, мы зразумелі, што вельмі хочам паказаць гэтае жыццё гараджанам, якія рэдка бываюць у вёсцы”.

Гэты фільм — нешта кшталту летапіса жыцця тутэйшых, якія правялі побач з балотамі ўсё сваё жыццё і памруць тут. Ён доўжыцца каля 25 хвілін (рэжысёр — Ігар Чышчэня, дапамагала Насця Якавіцкая). Палову кадраў можна ставіць на працоўны стол дзякуючы здымачнай групе з шасці чалавек, а аўтарства музыкі для фільма належыць гурту “НагУаль”.

greenbelarus.info__files_field_ima_1165619c73bf98d72aa70cba8f63f9ee.jpeg

Фестываль на балоце

greenbelarus.info__files_field_ima_2c7bc6d82085fd5d608e83b0577c6ccb.jpeg

Прэзентавалі фільм у той жа вечар, што і адчынілася “Багна”. Куратар выставы - мастак Базыль з Маладэчна, распавёў, як яна нараджалася на балоце Морачна :

“Мы прыдумалі фестываль творчых практык, куды паспрабавалі запрасіць розных людзей. Выцягнулі іх з асяродку, у якім ім камфортна, і прывезлі ў той, якога яны не ведалі. Там давялося жыць і прызвычайвацца.

Адной з асноўных мэтаў была рэфлексія над тым, што яны ўбачаць. У нас было жывое балота і балота, якое адчула з боку чалавека гвалт, якое асушанае. Задачай было выкарыстаць прынцып нулявога ўплыву — ствараць з таго, што будзе ў самой прыродзе”.

На выхадзе атрымаліся лаўцы сноў, сухія вянкі, мапы балот з імху — цэлая экспазіцыя, якую каля сотні чалавек разглядалі, папіваючы гарачы напой з тых самых балотных журавін.

greenbelarus.info__files_field_ima_4b2330a87ec9e39e3c110c3850111137.jpeg

greenbelarus.info__files_field_ima_89e9d31a30c8e4419338b4953914f0e7.jpeg

greenbelarus.info__files_field_ima_aed8cea8d4f6bb6f3123d17c3e732259.jpeg
greenbelarus.info__files_field_ima_7860a14e8493a498277120a1f9f33be5.jpeg

greenbelarus.info__files_field_ima_c6bf656e7a445eff5447833fc79b3d96.jpeg

greenbelarus.info__files_field_ima_e53a57d20f5603ad38b81ada54654afc.jpeg

greenbelarus.info__files_field_ima_96d461d09e531b3ffe77c3e29b2e0742.jpeg


greenbelarus.info