BYPOL: Мікалай Дзядок быў арыштаваны з дапамогай софту кампаніі «Сінэзіс»
Ініцыятыва BYPOL апублікавала матэрыял пра тое, як супрацоўнікам МУС удалося вылічыць і затрымаць палітычнага актывіста, блогера і аўтара «Новага часу» Мікалая Дзядка, жорстка арыштаванага 12 лістапада 2020 года.
«Яго непасрэднай распрацоўкай займаліся супрацоўнікі 3 Упраўлення ГУБАЗіК: намеснік начальніка ўпраўлення-начальнік 1 аддзела палкоўнік міліцыі Алекса Аляксандр Іванавіч ... і намеснік начальніка 1 аддзела ўпраўлення падпалкоўнік міліцыі Тарасік Іван Аляксандравіч» — перадае АФН са спасылкай на тэлеграм-канале ініцыятывы.
«У кастрычніку 2020 года ГУБАЗіК усталяваў знаёмую Мікалая Дзядка, з якой той перыядычна сустракаўся. За дзяўчынай было арганізаванае назіранне, канфіскаваныя відэазапісы з камер відэаназірання Мінскага метрапалітэна, для выяўлення Дзядка М.А. сярод пасажыраў выкарыстоўвалася праграма KiPod, распрацаваная кампаніяй “Сінезіс”» — паведамляе BYPOL.
У выніку гэтых мерапрыемстваў стала вядома, што Мікола Дзядок пражывае ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна, адкуль на маршрутным таксі рэгулярна выязджаў у Мінск.
Прэс-служба МУС паведамляла, што Дзядок прызнаны падазраваным па крымінальнай справе, раней узбуджанай за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Кампанія «Сінэзіс» была ўключаная ў трэці санкцыйны пакет і супраць яе ўведзеныя рэстрыкцыі з боку Еўрасаюза.