Былы палітвязень шэсьць месяцаў у лячэбна-працоўным прафілякторыі рабіў прадукцыю для краін ЭЗ

Былы палітвязень Віталь Жук прайшоў ня толькі калёнію, але і лячэбна-працоўны прафілякторый (ЛПП). Ён падзяліўся са «Св*бодай» асаблівасьцямі лячэньня алькагалізму ў ЛПП і іншымі назіраньнямі.

034d0000_0aff_0242_60ce_08daf7a280f9_cx0_cy16_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Напісаў скаргу на міліцыянтаў, і на мяне пачалося паляваньне»

Жыхар Кобрыні Віталь Жук паказвае дакумэнты і сьцьвярджае, што аніякіх падстаў зьмяшчаць яго ў лячэбна-працоўны прафілякторый у міліцыі не было. У адным з дакумэнтаў напісана, што ён накіроўваецца ў ЛПП для ізаляцыі і «сацыяльнай рэінтэграцыі».

«Быў даўні канфлікт зь мясцовай міліцыяй. Я напісаў на іх скаргі за фальшывы пратакол. Яны пачалі "паляваньне" на мяне. Скласьці на чалавека тры адміністрацыйныя пратаколы вельмі лёгка. За мной сачылі, калі я быў на дні нараджэньня ў сябра і калі вяртаўся з Дня гораду. Прычым другі раз мяне затрымлівалі тыя ж міліцыянты, на якіх я скардзіўся. Плюс паўплываў мой удзел у палітычных падзеях у 2020 годзе. Гэты 2020 год даў поўны карт-блянш міліцыянтам. Так у 2021 годзе я апынуўся ў прафілякторыі», — кажа Віталь.

Ён сьцьвярджае, што кожны ўчастковы мае «плян» на колькасьць людзей, якіх трэба зьмясьціць у ЛПП. «Я размаўляў з супрацоўнікамі міліцыі. Яны маюць як нормы па затрыманьнях, складзеных пратаколах, так і па колькасьці тых, каго ім трэба накіраваць у ЛПП. Таму што калі нікога не накіруеш — ты благі ўчастковы, не даеш рады абавязкам. Таму ў прафілякторыі хапае і тых, хто трапіў туды праз два пратаколы. Нават такія, хто пераходзіў дарогу няправільна», — кажа беларус.

«У ЛПП было нават горш, чым у калёніі»

Віталь расказвае, што трапіў у ЛПП у лютым 2021 году. Ён мусіў там адбыць год. «Але, забягаючы наперад, скажу, што адбыў там шэсьць з паловай месяцаў. Бо так надакучыў начальніку ЛПП, што ён папрасіў міліцыянтаў прыбраць мяне з прафілякторыя. Бо я "ўсюды сунуў нос", пісаў скаргі, адстойваў свае правы», — тлумачыць былы палітвязень.

У прафілякторыі, расказвае Віталь, яго адразу зьмясьцілі ў карантын.

«Адметнасьць яго ў тым, што там было вельмі холадна. Я ніводнага разу ня зьняў зь сябе куртку, у ёй і спаў. Я праўда ня ведаю, для чаго прыдуманы карантын. Можа, каб зламаць волю чалавека. Бо супрацоўнікі так "рыхтавалі" нас у карантыне да ЛПП: "Вы малпы, вы жывёлы, вы ніхто! Вы кончаныя, мы вас тут зьнішчым, вы нікому не патрэбныя! Паглядзіце на сябе ў люстэрка!". Такія абразы былі штодзень», — кажа Віталь.

069c0000_0aff_0242_923c_08daffafe2e5_w650_r0_s.jpg

Ён кажа, што ані ў карантыне, ані пазьней у атрадзе не было цёплай вады, з крана ішла толькі халодная. Пры гэтым ахова і адміністрацыя заўсёды патрабавала ад зьняволеных быць паголенымі.

У сталоўцы ЛПП Віталя ўразіў посуд і адсутнасьць гігіены. «Посуд стары, алюмініевы ў сталоўку прыносілі ў брудных мяшках ад бульбы. Пасьля яды ты мусіў памыць яго пад той ледзяной вадой і потым пабоўтаць міску ў чане з хлёркай. Тады посуд зноў скідалі ў той брудны мяшок і выдавалі на наступны прыём ежы. Міскі былі брудныя, тлустыя. Агідна было браць іх у рукі», — кажа Віталь.

Ён дадае, што харчаваньне ў ЛПП было «ніякае». «Нейкія кшталту кашы, ці бульбяное пюрэ на вадзе, суп з капусты, дзе плавае ня мяса, а нейкія пражылкі, як ніткі. Ты нават ня ведаеш, з каго тое мяса. Праўда, калі былі праверкі, то ў сталоўцы паставілі вагу і ў порцыю ежы паклалі нават кавалак сапраўднай ялавічыны. Але пасьля праверкі прыбралі гэта ўсё», — кажа Віталь.

«Псыхоляг пытаўся ў мяне: "Што цябе не задавальняе ў краіне?"»

Віталь настойвае, што лячэньня як алькагалізму, так і іншых хваробаў у прафілякторыі няма.

«Са мной размаўляў псыхоляг. Так званы. Паўтары гадзіны ён мне даводзіў, што ва ўсіх рэвалюцыях удзельнічаюць толькі наркаманы, прастытуткі і алькаголікі. Як і казаў Лукашэнка ў 2020 годзе. Ён усё пытаўся: "Чым табе наша краіна не падабаецца? Чым табе не падабаецца наша бясплатная мэдыцына, адукацыя?". Справа ў тым, што той псыхоляг — былы супрацоўнік ЛПП. Там усе павязаныя паміж сабой. Працуюць дынастыямі, маці, брат, сястра, кум», — кажа беларус.

Віталь таксама кажа, што з мэдычнай дапамогай у ЛПП «усё вельмі сумна». Былы палітвязень расказвае, як у прафілякторый прывезьлі чалавека, які скардзіўся на хворае сэрца.

ezgif_2_5d50569759.jpg

«Толькі яго перавялі з карантыну ў атрад, як ён памёр. Проста лёг спаць і не прачнуўся. Прывезьлі чалавека, у якога акурат перад тым, як трапіць у ЛПП, была апэрацыя — адрэзалі палец на назе. Яго ў прафілякторыі ніхто не лячыў, ён хадзіў на працу, скардзіўся на моцны боль. Ніхто не зьвяртаў увагі. Калі ўжо ня мог хадзіць на прамысловую зону — яму далі мыліцы і загадалі хадзіць на мыліцах на працу. Вынік — гангрэна. Яго па-хуткаму "выпісалі"», — расказвае Віталь Жук.

Ён сьцьвярджае, што пасьля правядзеньня якога-небудзь мэдычнага дасьледаваньня галоўны лекар ЛПП дапісвае ў заключэньні: «На падставе алькагольнай залежнасьці». «Гэта значыць, што б у цябе ні знайшлі — ціск, хворае сэрца, ныркі, яшчэ што — усё будзе ад алькаголю», — удакладняе былы палітвязень.

Віталь Жук дадае, што чуў пра выпадкі сьмерцяў і самагубстваў, якія адбываліся ў ЛПП. «Пры мне было ня менш за пяць спробаў. Некаторых вынялі зь пятлі, іншых не пасьпелі», — расказвае Віталь.

Начальнік ЛПП Мікалай Мароз

Начальнік ЛПП Мікалай Мароз

«Зараблялі там ад сарака капеек да сямі рублёў»

Як кажа былы палітзьняволены, асноўны занятак вязьняў ЛПП — дрэваапрацоўка. Віталь кажа, што займаўся ў прафілякторыі расьсьледаваньнем. Высьвятляў, каму ідуць заробленыя грошы. Сам Жук за месяц працы ў ЛПП атрымаў 30 рублёў.

«Але гэта было да таго, як вылічылі за камунальныя і гэтак далей. На рукі выходзіла недзе 5–7 рублёў. Іншыя маглі атрымаць і сорак капеек, і адзін рубель за працу», — кажа Віталь.

ezgif_2_bca02322e6.jpg

Паводле ягоных слоў, у прафілякторыі вырабляюць драўляныя скрынкі, кошыкі і паддоны. Паміж зьняволенымі ў прафілякторыі ходзяць размовы пра магчымую датычнасьць адміністрацыі да бізнэсу па іх продажы, у тым ліку ў краіны Эўразьвязу.

«Я шмат з кім размаўляў і шмат чаго там бачыў. Расказваюць, што да 2020 году на тэрыторыю ЛПП прыяжджалі фуры на польскіх і літоўскіх нумарах. Пасьля 2020 ужо былі толькі на беларускіх. Наколькі ведаю, яны вывозілі прадукцыю дрэваапрацоўкі на прадпрыемства "Іўедрэў" (прыватная кампанія, якая займаецца дрэваапрацоўкай), што ў вёсцы Старчаняты Івейскага раёну», — расказвае Віталь.

Ён сьцьвярджае, што паддоны пасьля вывазу з ЛПП праходзілі апрацоўку, атрымлівалі польскі штамп і затым перапрадаваліся як польская прадукцыя ў краіны Скандынавіі.

«Плялі там і кошыкі, якія таксама ішлі як прадукцыя польскай фірмы. Рабілі скрынкі для яблыкаў. Гэтыя скрынкі ішлі на Расею. Але справа ў тым, што тыя драўляныя скрынкі хутка чарнелі, гнілі. Таму кіраўніцтва прыдумала трук: зьмяшчаць іх у нейкую вадкасьць, ад якой яны бялелі. Але людзі, калі сунулі тыя скрынкі ў вадкасьць, моцна апякалі рукі. Гэта была нейкая кіслата», — кажа Віталь.

Былы палітвязень кажа, што з размоваў з «пацыентамі» прафілякторыя і кіроўцамі машын, якія вывозілі з ЛПП вырабленае, вынікала, што частка прадукцыі праз Польшчу трапляла ў Нямеччыну і далей у іншыя краіны ЭЗ.

«Драўніна пэўных памераў ішла на Латвію і адтуль на Вялікую Брытанію. Паддоны перараблялі і адпраўлялі для вытворчасьці мэблі ў краінах Скандынавіі… Было такое, што нармальную драўніну перапрацоўвалі, вельмі хутка, на трэскі, і вельмі хутка вывозілі ў невядомым кірунку. Можа, каб схаваць сьляды перад магчымымі праверкамі», — дадаў суразмоўца.

ezgif_2_7e5115b29f.jpg

Віталь Жук таксама кажа, што самая чорная і цяжкая праца ў ЛПП — вытворчасьць драўніннага вугалю.

«Там стаяць вялізныя такія бочкі, дзе выпальваецца вугаль. Людзі туды мусяць лезьці, выбіраць адтуль вугаль і чысьціць тыя бочкі. Людзі потым ходзяць самі чорныя, мурзатыя. Бо лазьня раз на тыдзень, а ледзяная вада ў кране не адмые такую сажу, бруд. Што там зь лёгкімі ў такіх людзей — нават страшна ўявіць», — кажа беларус.

Былы палітвязень сьцьвярджае, што заўважыў, як такі вугаль грузяць у мяшкі з надпісамі на францускай мове.

«Я меў сувязь з жонкай, на спатканьнях, празь лісты, якія дасылаў на волю. Я выпісаў сайт той францускай кампаніі і штрых-код. Яна ўсё праверыла. Тая француская кампанія займалася акурат вытворчасьцю вугалю. Я гэта расказаў і адвакатцы, якая наведвала мяне ў ЛПП. Потым пачаўся шум у ЛПП, тыя мяшкі з надпісамі на францускай зьніклі і зьявіліся звычайныя мяшкі», — сьцьвярджае Віталь Жук.

На сайце францускай фірмы, пра якую расказвае былы «пацыент» ЛПП, сапраўды можна набыць драўнінны вугаль. Краінай яго паходжаньня названая Расея.

ezgif_2_d6f6ddf802.jpg

«Супрацоўнік сказаў, што мяне могуць знайсьці на ялінцы павешаным»

Віталь Жук дадае, што ў ЛПП да яго аднойчы прыехаў супрацоўнік упраўленьня асабістай бясьпекі МУС з Горадні. «Я быў тады наіўны. Пачаў распавядаць пра тое, што робіцца ў ЛПП. А ён мне сказаў, што ўсё гэта робіцца з дазволу вышэйшага начальства. І дадаў, што я хаджу па лязу і калі яшчэ буду лезьці ў чужыя справы, то мяне знойдуць на ялінцы. Павешаным. І ён паказаў на дрэвы за вакном», — кажа былы палітвязень.

Жук дадае, што расказаў міліцыянту пра лісты з апісаньнем сытуацыі ў ЛПП, якія перадаў на волю. «Бо я актыўна пісаў скаргі, дапамагаў іншым "выхаванцам" прафілякторыю. Перадаваў іх часам праз жонку, як і лісты, дзе апісваў побыт у ЛПП. І вось неяк жонку з малой дачкой, ёй тады было паўтары гады, затрымалі ў ЛПП і не выпускалі. Бо знайшлі ў яе скаргі ад мяне. Яе чатыры гадзіны трымалі ва ўнутраным дворыку, пагражалі, але ім удалося вырваць у яе тыя скаргі», — кажа Віталь.

Былы палітвязень сьцьвярджае, што ў выніку пасьля шасьці месяцаў у ЛПП яго асудзілі па крымінальнай справе за абразу Лукашэнкі, узбуджанай раней. У прафілякторый ён больш не вярнуўся, пакараньне адбываў у калёніі.