Брэст. Вярхоўны суд зоймецца пытаннем фармавання абласнога выбаркаму зоймецца

Шэраг грамадзян Брэста паскардзіліся ў Вярхоўны суд на рашэнне Брэсцкага абласнога суду, які адмовіўся распачынаць справу наконт таго, якім чынам Брэсцкі абласны савет дэпутатаў і Брэсцкі аблвыканкам сфармавалі абласную тэрытарыяльную камісію па выбарах прэзідэнта.



944699144fotolia715_1.jpg

Разгляд скаргі адбудзецца 10 жніўня а 10-й гадзіне. 

10 грамадзян вылучылі ў склад выбаркаму сябра Руху “За Свабоду” Сяргея Вакуленку, але яго туды не ўключылі. Як лічаць аўтары звароту ў Вярхоўны суд, “праз палітычныя перакананні”.

9 з 10 грамадзян, што вылучылі Вакуленку, звярнуліся са скаргай на рашэнне аб фармаванні абласной выбарчай камісіі, у Брэсцкі абласны суд. Але ён адмовіўся заводзіць справу, матывуючы гэта тым, што скарга не падпісана ўсімі грамадзянамі, што вылучалі Вакуленку.

Але ў частцы 6 артыкула 34 Выбарчага кодэксу гаворыцца, што скарга можа быць пададзена “грамадзянамі, які вылучылі прадстаўніка ў склад камісіі праз падачу заявы”. Гаворкі пра абавязковасць падпісання скаргі ўсімі імі няма. Таму, на думку скаржнікаў, суд такой сваёй трактоўкай груба парушыў іх канстытуцыйныя правы.

У скарзе, пададзенай у Вярхоўны суд, гаворыцца, што пераблытаныя два правы: “Ёсць права грамадзян вылучаць у склад выбарчых камісій сваіх прадстаўнікоў (там ёсць цэнз: не менш 10 чалавек) і права абскарджваць рашэнне органаў, што сфармавалі такія выбарчыя камісіі (тут Выбарчы кодэкс не прадугледжвае цэнзу)”.

Сябра Рады Руху “За Свабоду” Дзяніс Турчаняк, які падпісаў скаргу сярод іншых грамадзян, адзначае: “Патрабаванне, каб скарга была падпісана ўсімі грамадзянамі, выглядае абсурдным. Вылучыць свайго прадстаўніка ў выбарчую камісію могуць не дзесяць чалавек, што ёсць мінімумам, а, скажам, тры тысячы. Атрымліваецца, што ў выпадку жадання абскардзіць рашэнне органаў, што сфармуюць выбаркам, будуць запатрабаваныя подпісы ўсіх трох тысяч. А калі нехта з іх раптоўна памрэ? Тады што, астатнія 2999 страцяць права на абскарджванне?”.

Калі Вярхоўны суд не прыме пазітыўнага прэцэдэнтнага рашэння, грамадзяне Брэста наважаныя падаць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. 

pyx.by