Брэсцкая пракуратура цікавіцца «Свабодным прафсаюзам»
У пракуратуру Брэста выкліканы старшыня абласной арганізацыі «Свабоднага прафсаюза Беларускага» і пярвічнай суполкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Валянцін Лазарэнкаў.
Пра гэта паведамілі калегі Лазарэнкава па прафсаюзе. Спадар Лазарэнкаў пацвердзіў: так, атрымаў прадпісанне 16 сакавіка а 14-й прадаставіць пэўны пакет дакументаў. Між іншым, ведамасці сплаты сяброўскіх унёскаў, рахункі, спісы сябраў, заявы аб уступленні ў «Свабодны прафсаюз», справаздачу аб расходаванні сродкаў, дамову аб арэндзе памяшкання.
Асабліва непакоіць прафсаюзніка патрабаванне адкрыць асобы сяброў «Свабоднага прафсаюза». «У часы адноснай дэмакратыі, на пачатку 1990-х, калі ў "Свабодным прафсаюзе" ўніверсітэта было больш за 100 чалавек, паверылі былі ў сумленнасць улад. Дык яны ўчынілі сталіншчыну, павыганялі сябраў нашага прафсаюза з працы, — згадвае Лазарэнкаў. — Цяпер і пагатоў патрабаванне спісаў гучыць цынічна і здзекліва. Але пазмагаемся, калі што».
Патрабаванне аб яўцы «для дачы тлумачэння па абставінах, звязаных з выкананнем заканадаўства аб прафесійных саюзах» падпісаў намеснік пракурора Брэста малодшы саветнік юстыцыі А. Ралінскі.
Запрашэнне пракуратуры