Абарона Максіма Знака абскардзіла новае абвінавачанне
Абарона Максіма Знака абскардзіла новае абвінавачанне, прад’яўленае яму ў лютым 2021 года. Пра гэта паведаміў адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Скарга была адпраўленая 15 сакавіка і ўжо паступіла ў Генпракуратуру.
У новым абвінавачанні, акрамя артыкула 361 КК аб публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацбяспецы, з’явіліся артыкул 361-1 КК аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання і артыкул 357 КК аб змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам, нагадвае REFORM.by.
Адвакат параўнаў стыль тэксту абвінавачання з мастацкім і публіцыстычным. На думку Лаеўскага, у абвінавачанні мала прававых паняццяў, але шмат ідэалагічных ацэнак.
Лаеўскі працягвае настойваць на адсутнасці супрацьпраўных заклікаў у выказванні Максіма Знака, а таксама адсутнасці доказаў экстрэмісцкіх мэт у Каардынацыйнай рады. Асобна ён падкрэсліў, што, на думку абароны, падставы для справы па артыкуле аб захопе ўлады неканстытуцыйным шляхам адсутнічаюць.
Адваката Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай, чальца прэзідыума Каардынацыйнай рады Максіма Знака затрымалі 9 верасня. 18 верасня яму прад’явілі абвінавачанне. У знак пратэсту ён абвясціў галадоўку, якую скончыў праз 10 дзён. Знак па-ранейшаму застаецца ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Мінску. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.