Беларусы перамаглі ў спаборніцтве па праграмаванні ад Google
Беларусы Раман Удавічэнка і Сяргей Жгіроўскі занялі першае месца ў спаборніцтве Google Hash Code 2016. Пра гэта гаворыцца на сайце конкурсу.
Фота Life at Google / youtube.com
Раман і Сяргей выступалі ў камандзе YMTeam і набралі 1 017 218 балаў. Другое месца дасталася расійскай камандзе Ababahalamaha (991 562 балаў), трэцяе — камандзе Die Bergbokbende з ПАР (964 632).
Абодва беларусы працуюць у мінскім прадстаўніцтве кампаніі «Яндэкс». Раней яны неаднаразова ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па спартыўным праграмаванні, такіх як ACM і Google Code Jam. У якасці прыза кожны з іх атрымаў прадукты Google мінімальным коштам 190 еўра.
Google Hash Code — гэта камандны конкурс праграмавання, арганізаваны Google для студэнтаў і прафесіяналаў галіны (18+) з Еўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Удзельнічаць у ім маглі як студэнты, так і прафесіяналы.
Адборачны тур спаборніцтвы праходзіў 11 лютага, у ім прынялі ўдзел больш за 17 000 чалавек. Фінал адбыўся 19 сакавіка ў Парыжскім офісе Google.
Паводле tut.by