Беларусь стала ўдзельнікам Балонскага працэсу авансам. Якімі будуць стратэгічныя наступствы гэтага?

Тыдзень таму, 14 мая, Беларусь перастала быць белай плямай на карце Балонскага працэсу і Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Расія, Казахстан — усе ўдзельнічалі ў адзінай еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Адна Беларусь была ў ізаляцыі. І вось нарэшце дэлегаты Канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА і форум па Балонскай палітыцы на сустрэчы ў Ерэване прынялі рашэнне задаволіць заяўку Беларусі і далучыць краіну да агульнаеўрапейскай адукацыйнай прасторы.



zacmienne_minsk.jpg

Што такое Балонскі працэс


Калі казаць проста, то Балонскі працэс аб’ядноўвае сістэмы вышэйшай адукацыі асобных краін у адзіную прастору. Ён атрымаў назву ад горада Балоння, што на поўначы Італіі. Там у 1999 годзе распачалі яго прадстаўнікі 29 еўрапейскіх краін. Цяпер тых краін ужо 48. Каб увайсці ў Балонскі працэс, сістэмы адукацыі ўніфікуюцца ў адпаведнасці з некалькімі асноўнымі патрабаваннямі.
Па-­першае, гэта двухступенчатая сістэма адукацыі: бакалаўрыят і магістратура.
Па-­другое, гэта Еўрапейская сістэма пераводу і накаплення балаў (ECTS), якая дазваляе ВНУ з лёгкасцю ацаніць асвоены студэнтам аб’ём ведаў, а студэнту — перавесціся ў іншую ВНУ (нават у іншай краіне) без доўгай валакіты ці залічыць стажыроўку.
Па­-трэцяе, Балонскі працэс прадугледжвае выдачу супастаўных ступеняў, дадаткаў да дыпломаў, якія дакладна паведамляюць аб спецыялізацыі выпускніка. Гэта і ёсць тое самае «прызнанне дыпломаў»: адвучыўся ў Германіі — працуй па ўсёй Еўропе без дадатковай неабходнасці пацвярджаць сваю кваліфікацыю.
Балонскі працэс стварае ўмовы для мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, гэта сапраўдная транснацыянальная сістэма адукацыі.
Важна таксама, што Балонскі працэс грунтуецца на дэмакратычных каштоўнасцях і патрабуе ад універсітэтаў паважаць акадэмічныя свабоды (свабоду слова, свабоду пераканання, свабоду навуковага пошуку). Патрабуецца і шырокі ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у кіраванні адукацыйнымі працэсамі.

«Зрэзаліся» на акадэмічных свабодах


Спробу далучыцца да Балонскага працэсу Беларусь робіць не ўпершыню. У 2012 годзе наша краіна ўжо падавала заяўку на ўваход у Балонскі працэс, але атрымала адмову. «Зрэзаліся» тады на акадэмічных свабодах: Балонскі працэс патрабуе выбарнасці рэктараў, празрыстасці кіравання ВНУ, самакіравання студэнтаў, справаздачнасці рэктарата перад акадэмічнай супольнасцю. З гэтымі пунктамі ў нашай сістэме адукацыі вялікія праблемы.
ВНУ ў Беларусі цалкам падкантрольныя дзяржаве. Выбары рэктараў Аляксандр Лукашэнка адмяніў. Ён стаў прызначаць іх асабіста. Студэнты не маюць рэальнага ўплыву на адукацыйную палітыку сваёй alma mater, ролю студэнцкіх радаў выконваюць ячэйкі БРСМ — палітычнай структуры аднаго палітыка.
Падсправаздачныя ВНУ толькі Мінадукацыі, не раз былі выпадкі пераследу навучэнцаў за палітычныя погляды, звальнення выкладчыкаў… Выглядае не вельмі па-­еўрапейку, і тры гады таму Беларусі не дазволілі далучыцца.

Узялі «авансам»


Аднак у 2015 годзе міністры адукацыі краін ЕПВА змянілі меркаванне і далі дабро на далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу і ЕПВА. Нельга сказаць, што ў вышэйшай школе Беларусі ад 2012 года штосьці змянілася. Беларусь узялі ў Балонскі працэс з некаторымі ўмовамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі, прапісанымі ў Дарожнай карце. Узялі «авансам» — і гэта ўнікальны выпадак у гісторыі Балонскага працэсу. Звычайна краіна прыводзіць сваю вышэйшую школу ў адпаведнасць еўрапейскім патрабаванням да ўступлення ў Балонскі працэс, а не наадварот.
«Беларускі выпадак асаблівы. Ніколі раней прыём краіны не адкладалі на тры гады і нікому не адмаўлялі пры першай спробе ўступіць у ЕПВА, — кажа Уладзімір Дунаеў, былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і сябра Грамадскага Балонскага камітэта Беларусі. — Беларусь так упарта ігнаравала еўрапейскія акадэмічныя каштоўнасці, што ўзнікала пытанне: навошта ёй сяброўства ў ЕПВА? Праверка выканання гэтых патрабаванняў ЕПВА запланаваная да наступнага міністэрскага саміту ў 2018», — тлумачыць Дунаеў.

«Ва ўніверсітэце — татальны кантроль»


Пра неадпаведнасць беларускай вышэйшай адукацыі Балонскаму працэсу кажа і доктар гістарычных навук Святлана Куль, якая больш за 30 гадоў працавала ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце, а пасля з ёй — доктарам навук, аўтаркай шматлікіх прац! — не працягнулі кантракт.
«У Балонскай сістэме ёсць некалькі базавых прынцыпаў, сярод якіх, на маю думку, для нас найбольш істотныя чатыры. Гэта адпаведнасць прапанаванай адукацыі патрабаванням рынку працы; уніфікацыя навучальных праграм у межах Балонскага пагаднення; шырокая аўтаномія вышэйшай школы з актыўным удзелам выкладчыкаў і студэнтаў у кіраванні навучальным працэсам; свабода ўзаемадачыненняў паміж ВНУ розных краін. Ацэньваючы сённяшні стан айчыннай вышэйшай школы, няцяжка заўважыць яго неадпаведнасць большасці з гэтых крытэрыяў», — кажа Куль.
«Да патрабаванняў рынку працы ў нас у значнай ступені прыслухоўваюцца, — працягвае яна. — Уніфікаваць праграмы не будзе цяжка. Аднак у нас абсалютны правал з аўтаноміяй і свабодай узаемадачыненняў з замежнымі ВНУ. Калі ва ўніверсітэце існуе татальны кантроль за паездкамі выкладчыкаў, а паездкі за мяжу для ўдзелу ў навуковых форумах магчымыя толькі ў час адпачынку і за ўласны кошт, аб якой свабодзе можа ісці гаворка? А адміністрацыя прызначаецца, а не абіраецца, бо выбары — фарс», — лічыць Святлана Куль.
Яна ўпэўненая, што Беларусь не здолее «дацягнуцца» да патрабаванняў ЕПВА пры ўладзе Лукашэнкі.

Кроіць — не перакроіць


«Я не вельмі разумею, якія чынам усе гэтыя змены будуць зробленыя ў беларускай рэчаіснасці, — кажа культуролаг і прафесар Універсітэта культуры і мастацтва Юлія Чарняўская. — Як будзе рэалізавана сістэма крэдытаў, сістэма мабільнасці? Мяне засмучае і сітуацыя з гадзінамі, бо пад Балонскі працэс можна лёгка падвесці неабходнасць скарачаць навучальныя гадзіны.
Я за Балонскі працэс, але гэта ўсё мусіць быць падрыхтавана. Вядома, далучэнне Беларусі — палітычны жэст, які паказвае пацяпленне адносін з Еўропай, аднак сродкаў зрабіць паўнавартасны варыянт Балонскага працэсу ў Беларусі я пакуль не бачу».
Студэнты спадзяюцца, што Балонскі працэс дазволіць ім лягчэй падарожнічаць. Аднак яшчэ ў 2012 годзе старшыня Еўрапейскага студэнцкага прафсаюза Алан Пэл заявіў: «На нашу думку, прыняцце Беларусі ў Балонскі працэс будзе выкарыстана толькі ў мэтах дзяржпрапаганды, а ў плане акадэмічных свабодаў для акадэмічнай супольнасці мала што зменіцца».
«У рашэнні ЕПВА прыняць Беларусь ёсць геапалітычны інтарэс», — адзначае Уладзімір Дунаеў.
А Святлана Куль іранізуе: «Тут не ў палітычнай кан’юктуры справа. Еўропа клапоціцца не пра нас, а пра сваіх дзяцей — ім жыць з беларусамі ў адным доме. Адназначна, Беларусь у Балонскім працэсе — на руку Еўропе. Хай з гэтага слана будзе муха, але, можа, хоць яна будзе свабодна лятаць».
Кірыла Хілько, nn.by