Бясплатная лінія падтрымкі людзей сталага веку падчас пандэміі для абанентаў A1 і life :)

Абаненты A1 і life :) могуць бясплатна тэлефанаваць на лінію падтрымкі людзей сталага веку падчас пандэміі, паведамляе www.zviazda.by.

c326d83cbb4865c6b2d6dbef39ea123f.jpg


Маецца на ўвазе інфармацыйная лінія 201 для людзей сталага веку, якія знаходзяцца ў вымушанай ізаляцыі з-за распаўсюджвання каронавірусу.

Такім чынам аператары падтрымалі праект “Добры тэлефон”, арганізаваны Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа і платформай “Імёны”.

Адзіны кароткі нумар 201 працуе з 30 сакавіка. Яго мэта — дапамагчы людзям сталага веку ва ўмовах пандэміі. На інфармацыйнай лініі пазменна дзяжураць валанцёры, адабраныя і навучаныя пры ўдзеле экспертаў Чырвонага Крыжа. Яны змогуць адказаць на пытанні, якія хвалююць людзей сталага веку, падзяліцца інфармацыяй пра тое, куды звярнуцца па неабходную дапамогу, аказаць псіхасацыяльную падтрымку.

Галоўная задача добраахвотнікаў — інфармаваць людзей сталага веку пра тое, чаму падчас эпідэміі каронавірусу важна знаходзіцца дома і не наведваць грамадскія месцы, паведаміць, куды можна звярнуцца з просьбай набыць прадукты ці лекі, каб не выходзіць у аптэку або краму.

Акрамя таго, аператары інфармацыйнай лініі гатовыя і проста выслухаць сваіх суразмоўцаў, каб тым было лягчэй пераносіць адсутнасць звыклых стасункаў. “Добры тэлефон” па адзіным нумары 201 працуе з 9 да 18 гадзін у буднія дні.