Біскупы Беларусі папрасілі Лукашэнку зрабіць 1 лістапада выходным днём

Каталіцкія біскупы Беларусі падтрымалі ініцыятыву вернікаў прызначыць выходны дзень для ўшанавання памяці памерлых.

Фота www.videoblocks.com

Фота www.videoblocks.com

Гэтае пытанне абмяркоўвалася на пленарным пасяджэнні епіскапату 21 лістапада, паведамляе афіцыйны сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку на гэтую тэму.

У каментарыі сайту catholic.by іерарх нагадаў, што 1 лістапада з'яўляецца выходным днём у многіх краінах свету. У гэты дзень католікі адзначаюць урачыстасць Усіх Святых і наведваюць могілкі, каб ушанаваць памерлых.

Выходным днём 1 лістапада з'яўляецца не толькі ў краінах з пераважна каталіцкім насельніцтвам, але і там, дзе побач з католікамі жывуць пратэстанты.

"Дзень усіх памерлых мы пачынаем адзначаць 1 лістапада. Калі гэты дзень будзе вольным, ён стане добрай нагодай памаліцца не толькі ў касцёле, але і на могілках. Разам з тым, гэта прывядзе да балансу з Праваслаўнай Царквой, дзе вернікі маюць выхадны дзень — Радаўніцу", — мяркуе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку 1990-х восеньскія Дзяды былі ў Беларусі выходным днём нароўні з веснавой праваслаўнай Радаўніцай. Аднак потым улады адмянілі каталіцкае свята памінання памерлых, пакінуўшы толькі праваслаўнае. 

euroradio.fm