Белстат не бачыць праблемы ў прыцягванні настаўнікаў да перапісу

Выкарыстанне ў правядзенні перапісу насельніцтва настаўнікаў з’яўляецца звычайнай практыкай. Пра гэта паведаміла 10 верасня старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Іна Мядзведзева, перадае «Белсат».

perepis_naseleniya_belarusi_2019.jpg

Кіраўніца Белстату адзначыла, што ў агульнай колькасці занятых для перапісу настаўнікаў не так і шмат. Больш за тое, паводле яе, Міністэрства адукацыі і мясцовыя органы ўлады прынялі ўсе меры, каб навучальны працэс не пацярпеў, а людзі атрымалі заробак у рамках заканадаўства, піша БелТА.
Агулам у перапісе насельніцтва, які пройдзе з 4 па 30 кастрычніка, задзейнічаюць не менш за 12,5 тыс. перапісчыкаў. Набраць іх плануецца да 16 верасня, каб пасля паспець навучыць.
Іна Мядзведзева адзначыла, што ў перапісе будуць задзейнічаны не толькі супрацоўнікі камітэту, але і органы дзяржаўнай статыстыкі, мясцовыя органы ўлады, супрацоўнікі інтэрнатаў і школаў-інтэрнатаў.
Інтэрнэт-перапісам плануецца ахапіць каля 25-30% насельніцтва.
Нагадаем, учора тelegram-канал NEXTA апублікаваў скрыншоты перапіскі з бацькоўскага Viber-чату адной з мінскіх школаў. У ім настаўніца просіць бацькоў падпісацца за «Міс Беларусь-2018», фаварытку Лукашэнкі Марыю Васілевіч, якая вырашыла стаць дэпутатам.

1_5_1.jpg


Нагадаем, на сайце petitions.by быў апублікаваны зварот з патрабаваннем забараніць прыцягваць настаўнікаў да перапісу насельніцтва-2019, паколькі гэта дрэнна адаб'ецца на якасці навучальнага працэсу. Адказ Міністэрства адукацыі на петыцыю быў лаканічны: «Названыя ў звароце здагадкі аб магчымых парушэннях адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі з'яўляюцца неабгрунтаванымі. Сцвярджэнне аб тым, што прыцягненне настаўнікаў да працы ў якасці часовага перапіснога персаналу «негатыўна адаб'ецца не толькі на іх дабрабыце, але і на фізічным стане», таксама неабгрунтавана».