«Белавія» не будзе перавозіць грамадзян Афганістана, Ірака, Емена, Сірыі на рэйсах з Дубая
У адпаведнасці з рашэннем кампетэнтных органаў ААЭ, з 14.11.2021 грамадзяне Афганістана, Ірака, Емена, Сірыі не будуць прымацца да перавозкі на рэйсах, якія ідуць з Дубая ў Беларусь. У сувязі з гэтым авіякампанія "Белавія" ўзмацняе кантроль за праверкай дакументаў пры рэгістрацыі пасажыраў на рэйсы з Дубая, гаворыцца на сайце кампаніі.
Пасажыры, якія трапляюць пад дзеянне гэтай забароны, змогуць вярнуць поўны кошт авіябілетаў па месцы іх набыцця.
Авіякампанія "Белавія" пачала выконваць рэгулярныя рэйсы з Мінска ў Дубай у лютым 2021 года. У летні перыяд (перыяд "нізкага сезона" у Дубаі) авіякампанія выконвала рэйсы з частатой 3 рэйсы ў тыдзень. У сувязі з павелічэннем попыту з боку турыстычных аператараў Беларусі, якія рэалізуюць авіябілеты ў складзе турыстычных пакетаў беларускім грамадзянам, частата выканання рэйсаў з кастрычніка 2021 года павялічылася да 5 рэйсаў у тыдзень. Такім чынам, на рэйсах у Дубай большасць месцаў прададзена ў выглядзе блокаў месцаў беларускім турыстычным аператарам і колькасць квіткоў з пачаткам падарожжа з Дубая была мінімальнай. Таксама на гэтым рэйсе падарожнічаюць удзельнікі Expo-2020 у Дубаі.
Авіякампанія "Белавія" падкрэслівае, што на працягу многіх гадоў не выконвала рэгулярныя або чартарныя рэйсы ў Афганістан, Ірак, Емен, Сірыю і ніколі не садзейнічала перавозцы нелегальных мігрантаў у Рэспубліку Беларусь. У сувязі з павышанай увагай да гэтай тэмы з боку некаторых СМІ, авіякампанія ўзмацніла кантроль на ўсіх сваіх рэйсах за бездакорным выкананнем усіх візавых патрабаванняў Рэспублікі Беларусь і замежных дзяржаў, міграцыйным заканадаўствам.