Беларускія законы і надалей не будуць прымацца на беларускай мове

Сёлета справа выкарыстання беларускай мовы ў заканадаўчай сферы дакладна не зрушыцца, дэпутатаў гэтая праблема, хутчэй, раздражняе — яны кажуць пра эканомію сродкаў, якую нібыта дае толькі адна мова.

Фота: knihi.by

Фота: knihi.by


Ключавая падзея «Тыдня роднай мовы», што праходзіць у Нацыянальнай акадэміі навук з 20 па 26 лютага, — круглы стол «Мова ў навуцы, адукацыі, заканадаўстве». Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адмыслова зладзіў яго ў Міжнародны дзень роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага.

Праз 25 год незалежнасці законы ў Беларусі прымаюцца толькі на рускай мове

Адной з самых актуальных праблем беларускай мовы зараз ёсць яе поўная адсутнасць у заканадаўчай сферы. Паводле навукоўцаў і Канстытуцыі, законы і нарматыўныя дакументы мусяць рыхтавацца, абмяркоўвацца і прымацца на дзвюх мовах, але зараз законапраекты ўносяцца на разгляд дэпутатаў і затым зацвярджаюцца толькі на рускай мове. Пераклад на беларускую дакументаў ужо пасля ўсіх гэтых працэдур не мае юрыдычнай сілы.
Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былая супрацоўніца Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, паскардзілася калегам па навуковай працы на ігнараванне ў парламенце яе захадаў па ўвядзенні роднай мовы ў заканадаўчую сферу. «Тэксты законаў на беларускай мове павінны мець юрыдычную сілу, гэта асноўнае пытанне, у якое мы ўвесь час упіраемся. Патрэбна рыхтаваць гэтыя тэксты і выпрацаваць механізм іх зацвярджэння. Мною былі прапанаваныя гэтыя крокі, я іх агучыла ў Палаце прадстаўнікоў і адаслала старшыні парламенту. Мая прапанова была такая: калі так ужо ўсё дорага гэта — суправаджаць увесь працэсс прыняцця таго ці іншага закону беларускай мовай, то давайце хаця б да другога чытання падрыхтуем дзве версіі — на беларускай і рускай мовах — і будзем уносіць на зацвярджэнне дзве гэтыя версіі. А для пацвярджэння адпаведнасці тэкстаў, бездакорнасці перакладу с юрыдычнага пункту гледжання прапанавала стварыць экспертную раду», — распавяла Алена Анісім.
Але ў нядаўна атрыманым адказе адпаведнай камісіі парламенту выразна чытаецца агульнае жаданне дэпутатаў пазбегнуць лішніх турботаў з-за роднай мовы: «Згодна з дзеючым заканадаўствам разгляд законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў ажыццяўляецца на той мове, на якой яны былі ўнесеныя суб'ектам права заканадаўчай ініцыятывы. Варта адзначыць, што на сённяшні дзень унясенне законапраектаў ажыццяўляецца толькі на адной з дзвюх дзяржаўных моў — рускай альбо беларускай, што не супярэчыць заканадаўству. (...) Такія падыходы, на наш погляд (камісіі), адпавдядаюць прынцыпу роўнасці дзяржаўных моў».
На думку дэпутатаў, разгляд на двух мовах «пацягне істотныя ўскладненні заканадаўчай працэдуры, павелічэнне часу разгляду законапраектаў, прыцягненне дадатковай колькасці дзяржаўных служачых, што супярэчыць рабоце, якая зараз праводзіцца ў краіне, па аптымізацыі дзяржаўнага апарату і скарачэнні дакументаабароту», гэта «таксама пацягне дадатковыя расходы фінансавых сродкаў».
Алена Анісім, раз, «як бачыце, па сённяшні дзень прапановы не праходзяць», лічыць патрэбным «абазначыць час, з якога законапраекты павінны накіроўвацца на разгляд і прымацца на абедзвюх дзяржаўных мовах». У 2017 годзе гэта ўжо «наўрад ці здарыцца, але, думаю, што з 2018 года можна абавязаць прымаць законы на дзвюх мовах». За гэты час навукоўцы павінны падрыхтаваць каманду спецыялістаў, экспертаў дзеля аператыўнага і бездакорнага перакладу юрыдычных тэкстаў. Пачаць можна, на думку Анісім, ужо зараз — з перакладу новага Кодэксу аб адукацыі, які яшчэ не ўнесены ў парламент.

Беларуская мова ёсць прыярытэтам №1, але ўлада не памятае пра гэта

Першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец зазначае, што, «маючы за плячыма 25-гадовы шлях існавання незалежнай Беларусі і дзяржаўнага будаўніцтва мы да пытання выкарыстання мовы ў заканадаўчай сферы, як і да шмат іншых, што тычацца нашага моўнага жыцця, павінны строга падыходзіць з палажэнняў Канстытуцыі і прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя». Сутнасць палажэнняў Асноўнага закона палягае ў тым, што «кожны грамадзянін мае права карыстацца любой дзяржаўнай мовай, кожны мае права атрымліваць любую жыццёва важную інфармацыю на любой дзяржаўнай мове». «А дзяржава, у сваю чаргу, павінна забяспечыць рэалізацыю гэтага права, — падкрэслівае Лукашанец. — Калі кіравацца строга такімі прынцыпамі, то праблем і быць не павінна».
Ён нагадвае, што ў «Законе аб мовах» ёсць палажэнне пра мову афіцыйных дакументаў: на беларускай і (або) на рускай мове. «Тут мы бачым тры пазіцыі прыярытэтнасці: 1) на беларускай; 2) на беларускай ; 3) на беларускай, або рускай мове. Пры падрыхтоўцы законаў, указаў і г.д. трэба кіравацца гэтымі прыярытэтамі. Давайце падыходзіць па-дзяржаўнаму да гэтай праблемы, бо інакш нас не будуць паважаць у міжнароднай супольнасці», — заявіў Лукашанец. Акрамя таго, навуковец закрануў праект «Закона аб абароне правоў спажыўцоў». «Мяне здзіўляе пазіцыя некаторых службовых асоб і дэпутатаў парламенту. Напрыклад, як зразумець пазіцыю начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання Ірыны Барышнікавай, якая лічыць, што «давядзенне інфармацыі аб тавары не толькі на русскай, але і на беларускай, з'яўляецца несвоечасовым». «Чаму дзяржаўны служачы бярэ на сябе права вызначаць, якой мовай павінен карыстацца грамадзянін Беларусі? Зноў жа здзіўляе пазіцыі старшыні парламенцкай камісіі Юрыя Дарагакупца, які лічыць, што нельга навязваць людзям, на якой мове ім размаўляць. Па ягонай логіцы атрымліваецца, што выкарыстанне беларускай і рускай дзяржаўных моў у інфармацыі аб таварах з'яўляецца навязваннем мовы, а выкарыстанне адной мовы — не. Дзе логіка?»,—- сказаў Аляксандр Лукашанец.
Ён лічыць, што, магчыма, шмат хто з дэпутатаў проста кепска ведае родную мову, таму і высоўваюцца такія аргументы.Як бараніць беларускую мову пры заробку навукоўца ў 260-300 рублёўДоктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя заклікаў поўную залю навукоўцаў да больш плённай працы на ніве беларушчыны: «Добра, што сабраліся абмеркаваць сёння, але, калегі не трэба чакаць Міжнароднага дня роднай мовы, гэта павінна быць нашай штодзённай працай».
«За нармальныя грошы і штодзённа можна працаваць, але не за 260 жа рублёў», — іранічна заўважае супрацоўніца Інстытута мовазнаўства. На просьбу патлумачыць сваю рэпліку, кажа: «Дзяўчаты, што прыходзяць з аспірантуры маюць менш за стыпендыю аспіранцкую — 260-300 рублёў. Застаюцца толькі таму, што койка-месца ў інтэрнаце даюць, няма куды падацца, не ў вёскі ж свае вяртацца. Але калі выходзяць замуж — то ў інстытуце больш не ўбачыш. Хай нармальныя грошы даюць — будзе ім і праца на беларускую мову».

Што ў актыве ў гэтым годзе

На днях у Беларусі нарэшце з'явіцца Нацыянальны корпус беларускай мовы. Нацыянальны корпус – гэта дасяжны для пошуку электронны анлайнавы збор тэкстаў. Такія корпусы ёсць ужо ва ўсіх нашых краінах-суседках. Гэта добрая навіна не толькі для навукоўцаў, але і для рэдактараў, журналістаў, студэнтаў і школьнікаў, усіх, хто цікавіцца беларускай мовай, літаратурай, культурай, бо, калі паглядзець, напрыклад, на корпус рускай мовы, то там можна знайсці ўсё, што калі-небудзь не толькі друкавалася на рускай, але і запісвалася этнографамі, фалькларыстамі, аматарамі-краязнаўцамі. Акрамя таго, падчас Тыдня роднай мовы будуць прэзентаваныя некалькі навуковых выданняў, слоўнікі.
Паводле eurobelarus.info