Вечар роднай мовы з настольнымі гульнямі і дансінгам
Вечарам 21 лютага ў беларускамоўнай кавярні «Грай» для святкавання Міжнароднага дня роднай мовы стварылі адразу некалькі
пляцовак.
На думку арганізатараў імпрэзы, камунікацыя па-беларуску пачынаецца з беларускіх настолак, а заканчваецца “Беларускай інтэлектуальнай гульнёй”.
Каб паўдзельнічаць у
інтэлектуальнай гульне, трэба было зарэгістравацца загадзя. Таму, па сутнасці,
у велізарнай кавярні “Грай” цэлых дзве гадзіны свята роднай мовы было
толькі для некалькі дзясяткаў удзельнікаў гульні.
Дарэчы, каб годна паўдзельнічаць у гульне трэба было ведаць на выдатна — гісторыю, літаратуру і нават матэматыку. У блок пытанняў уваходзіла і “Адгадай мелодыю”, дзе гучалі кавалкі песен такіх гуртоў як “Amaroka”, “Троіца”, “Naka”.
Новы трэнд — беларускія настолкі
— былі шырока разрэкламаваныя на імпрэзе. Любы жадаючы мог далучыцца да той
гульні, якая спадабалася. Прэзентаваў гульні “Багач” і “Казачнік” іх стваральнік
і лідар гурта “Amaroka” Зміцер Афанасенка.
З Гародні прыехаў стваральнік
знакамітых “Паўстанцаў” і “Мовы” Антон Янкоўскі, які прэзентаваў новую
“настолку” — “На трох кітах”.
Глеб Лабадзенка і Алеся
Літвіноўская прадставілі прысутным кнігу “20 крокаў да беларускай
мовы”.
Назву кнігі падказаў Лявон Вольскі. Таму, калі нехта любіць Вольскага, то зможа адразу палюбіць і сам падручнік. Кніга ўзбагачвае не толькі слоўнікавы запас чытача, але вучыць правільна ўжываць словы і спалучаць іх з іншымі выразамі.
На заканчэнне імпрэзы выступілі гурты Zanzibar, Recha, Znarock.