Беларускія памежнікі абвінавацілі латвійскі верталёт у парушэнні мяжы. Раней тое ж самае прад'яўлялі за самалёт
У Дзяржаўным памежным камітэце (ДПК) Беларусі абвінавацілі латвійскі верталёт у парушэнні мяжы. Пра гэта ведамства паведаміла ў сваім Telegram-канале.
У ДПК паведамілі, што 10 лютага каля 12:20 памежнікі
зафіксавалі факт парушэння мяжы Беларусі латвійскім верталётам Agusta Westland.
Паводле звестак ведамства, паветранае судна пранікла на
беларускую тэрыторыю на глыбіню да 400 метраў у раёне населенага пункта
Думарышкі Браслаўскага раёна, пасля чаго вярнулася назад у Латвію.
У памежным камітэце падкрэслілі, што падобныя інцыдэнты
пачасціліся ў апошні час. Там таксама дадалі, што могуць расцэньваць іх як «правакацыйныя дзеянні сумежных краін з мэтай стварэння напружанасці на
мяжы».
8 лютага ў ДПК паведамілі, што латвійскі самалёт Ан-2
парушыў паветраную прастору Беларусі. У ведамстве адзначылі, што лёгкаматорны
самалёт-«кукурузнік» заляцеў на беларускую тэрыторыю на 300 метраў і, абляцеўшы пункт
пропуску Урбаны, вярнуўся ў Латвію. Латвійскі бок гэта абверг.
Да гэтага, 3 лютага, у МЗС Беларусі заявілі аб незаконным перасячэнні мяжы краіны ўкраінскім беспілотнікам. У Міністэрстве дадалі, што робат быў запушчаны на тэрыторыю рэспублікі для правядзення разведкі каля ваеннага палігона «Брэсцкі». Украіна зноў жа абвергла уўсе абвінавачанні беларускага МЗС.