Беларускіх футбалістаў зрабілі невыязнымі. «Каб захаваць дзяржаўныя грошы ў дзяржаве».
Такога ў гісторыі беларускага спорта яшчэ не было.
Беларускім футбольным клубам з дзяржаўным фінансаваннем забараняюць праводзіць вучэбна-трэніровачныя зборы за мяжой, паведамляе «Прэсбол». Рашэнне прынята на ўзроўні Беларускай федэрацыі футбола і Міністэрства спорта. Шэраг клубаў працягвае «перакідвацца паперкамі» з дадзенымі інстанцыямі ў надзеі знайсці разуменне, аднак, па інфрмацыі выдання, усе гэтыя спробы асуджаныя на правал.
Пры гэтам, падкрэсліваецца, што захавана ілюзія выбару: хочаце — ляціце, але пазбавіцеся дзяржпадтрымкі. Не паляціце — усё будзе, як было. Праўда, другі варыянт з падтэкстам: футбол вывелі са спісу прыярытэтных відаў спорту Беларусі на 2021 год. Такім чынам, грошай у яго стала менш.
Калі дамовіцца з БФФ і Мінспорту не атрымаецца, «Шахцёр» не паляціць у ААЭ і не згуляе там з кіеўскім «Дынама», «Зенітам», «Рыгай», «Краснадарам», «Спартаком» і іншымі клубамі. Здадуць квіткі БАТЭ, «Тарпеда»-БелАЗ, мінскае «Дынама», «Рух»... Табу для ўсіх клубаў аднолькавае.
Задуманы сэнс у тым, каб захаваць дзяржаўныя грошы ў
дзяржаве. Не марнаваць іх на Дубай, Белек або Сочы. А марнаваць на манежы, якія
пабудавалі і якія трэба акупляць.