Беларускі дом у Варшаве праводзіць Марафон калядных паштовак палітвязням
Беларускі Дом у Варшаве распачаў Марафон калядных паштовак, які заклікaе падтрымаць беларускіх палітзняволеных, даслаўшы ім святочныя віншаванні. У акцыі ўзялі ўдзел вядомыя беларусы і палякі — оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, стваральнік каналаў Nexta Сцяпан Пуціла, гурт Navi Band і іншыя беларусы, якія вымушаныя былі з’ехаць за мяжу.
«Калядныя святы — самыя светлыя і самыя кранальныя. Гэта час, калі мы спадзяемся на лепшае, загадваем жаданні і, у незалежнасці ад узросту, чакаем цудаў. На жаль, многія з нас сёлета так і не збяруцца за святочным сталом, не сагрэюцца ўсмешкамі сваіх родных і блізкіх», — цытуе Радыё Рацыя старонку акцыі.
«На дадзены момант палітвязнямі ў Беларусі застаюцца 158 чалавек. У гэтыя калядныя дні ім, як ніколі, трэба ведаць, што ёсць спагада і дабро, што ёсць наша салідарнасць, неабыякавасць, і ёсць надзея», — падкрэсліваюць арганізатары.
Адмыслова для акцыі зробленая спецыяльная функцыя на сайце — цяпер дастаткова націснуць гузік «Каго павіншаваць з Калядамі», і сістэма сама прапануе адрас для ліставання.
Паспрабаваць можна тут.