Беларуская зборная вернецца з ЧС па хакеі на аўтобусе
Беларускія хакеісты вернуцца дадому з Рыгі на аўтобусе, паведаміў кіраўнік аргкамітэта чэмпіянату свету Эдгарса Бунцыса. Зборная напярэдадні прайграла расійскай камандзе з лікам 0:6 і завяршыла сваё выступленне на турніры.
«Паколькі ўведзеная забарона на палёты, зборная паедзе на аўтобусе», — сказаў Бунцыс. Ён таксама расказаў, што ў Рыгу беларускія хакеісты прыляцелі на самалёце, паведамляе «Еўрарадыё».
У аргкамітэце турніра да апошняга спадзяваліся, што ўдасца арганізаваць і зваротны вылет у Мінск. Для гэтага, паводле слоў Бунцыса, патрэбная была афіцыйная просьба з боку беларускіх улад, але запыт з Мінска так і не паступіў.
Пасля інцыдэнта з самалётам «Ryanair» большасць еўрапейскіх краін закрылі сваю паветраную прастору для самалётаў нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» і адмовіліся ад палётаў у Мінск. Авіязносіны з Беларуссю аказаліся абмежаваныя.
Нацыянальная зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі не змагла выйсці з групы і заняла перадапошняе месца ў турнірнай табліцы.