Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў
Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. Адпаведны закон апублікаваны 21 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Органам, які курыруе пытанні, звязаныя з рэалізацыяй дакумента, прызначанае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Канвенцыя як спецыяльная міжнародная дамова ў галіне абароны правоў чалавека вызначае міжнародныя стандарты забеспячэння правоў і свабод інвалідаў і канкрэтызуе абавязанні дзяржавы ў адносінах да гэтай катэгорыі грамадзян. Мэтай яе з'яўляецца заахвочванне, абарона і забеспячэнне поўнага ажыццяўлення інвалідамі на роўнай аснове ўсіх правоў чалавека.
Для рэалізацыі норм Канвенцыі распрацоўваецца Нацыянальны план, накіраваны на ўдасканаленне сістэмы медыка-сацыяльнай экспертызы, аказанне сучасных рэабілітацыйных паслуг, а таксама на забеспячэнне доступу інвалідаў і да працы, і да сацыяльнай інфраструктуры.
Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 3 кастрычніка 2016 года, ухвалены Саветам Рэспублікі 6 кастрычніка. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дакумент 18 кастрычніка.
euroradio.fm