Беларусь мяняе парадак акрэдытацыі замежных журналістаў
Беларусь з 2 кастрычніка ўводзіць новы парадак акрэдытацыі замежных журналістаў. Усе раней выдадзеныя акрэдытацыйныя пасведчанні анулююцца. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.
— Гэта не зачыстка інфармацыйнага поля, а менавіта пераакрэдытацыя замежных СМІ па новых правілах, — растлумачыў прадстаўнік МЗС.
Глаз заявіў, што з сённяшняга дня ўсе раней выдадзеныя акрэдытацыі анулююцца. З панядзелка павінна пачаць працу спецыяльная камісія МЗС, якая будзе ажыццяўляць акрэдытацыю па новых правілах.
Новае палажэнне аб акрэдытацыі, паводле яго слоў, стала больш ліберальным, у ім улічылі шэраг рэкамендацый АБСЕ і Венецыянскай камісіі.
— Новае палажэнне ўлічвае не толькі заўвагі, што паступалі ў наш адрас, але і той беспрэцэдэнтны, гібрыдны ціск у адносінах да нашай краіны, які з дапамогай медыя рознай прыроды ў апошні час быў ужыты з боку шэрагу знешніх партнёраў.
Глаз таксама заявіў, што ў апошні час ідзе адкрытая падтрымка «як фінансавая, так і арганізацыйная з боку заходніх контрпартнёраў адкрыта экстрэмісцкіх медыярэсурсаў». У сувязі з гэтым, заявіў Глаз, у новым палажэнні аб акрэдытацыі рэалізавана права «на легальную абарону інфармацыйнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь».
Што змяняецца
На сваім сайце беларускі МЗС пералічыў новаўвядзенні, якія, на яго думку, «палегчаць парадак атрымання акрэдытацыі»:
- працэдуры падачы дакументаў на акрэдытацыю (як часовую, так і пастаянную), атрымання часовай акрэдытацыі пераведзеныя ў электронны фармат;
- журналісты атрымалі магчымасць самастойна раздрукаваць акрэдытацыйную картку для часовай акрэдытацыі;
- істотна скарочаныя тэрміны разгляду пададзеных на акрэдытацыю дакументаў — з 20 дзён да 5 для часовай акрэдытацыі, з 2 месяцаў да 30 дзён для пастаяннай;
- уведзена магчымасць падаўжэння пастаяннай акрэдытацыі на тэрмін да 3 гадоў (раней — толькі да 1 года);
- аформленая ў прававыя рамкі праца журналістаў-фрылансераў у інтарэсах замежнага СМІ.
Паведамляецца таксама, што ў адпаведнасці з нормамі новага Палажэння «прыярытэт пры акрэдытацыі будзе аддавацца грамадзянам дзяржаў, у якіх зарэгістравана замежнае СМІ».
tut.by