Бастунец: Добра, што кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі носіць «Пагоню»
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які ўзяў удзел у апошнім выпуску перадачы «Клуб рэдактараў», сказаў, што Давыдзька паказаў «Пагоню» на майцы, каб прадэманстраваць гатоўнасць да дыялогу ў грамадстве.
Генадзь Давыдзька падчас эфіру перадачы «Клуб рэдактараў»
Асноўнай мэтай удзелу прадстаўніка незалежнай журналісцкай супольнасці было выказванне ў падтрымку карэспандэнта партала Tut.by Паўла Дабравольскага.
Андрэй Бастунец
«Гэтая перадача адбылася таму, што журналісты і рэдактары незалежных СМІ звярнуліся на БТ і папрасілі магчымасці выказацца наконт інцыдэнту з Паўлам Дабравольскім, які адбыўся некалькі тыдняў таму. Я лічу, што гэта правільнае рашэнне — скарыстацца такой магчымасцю. Гэта лепш, чым калі ідзе аднабаковая падача інфармацыі», — сказаў Андрэй Бастунец "Радыё Свабода".
Ён адзначыў, што размова падчас запісу праграмы вялася ў нечаканым тоне — незалежныя СМІ не называлі антыдзяржаўнымі:
«Тон выказванняў адрозніваўся ад мінулых разоў. Раней незалежныя СМІ называлі антыдзяржаўнымі, казалі пра правакацыі, а гэтым разам гаворка вялася зусім у іншым тоне. Вельмі добра, што была магчымасць выказацца і іншаму боку, прадстаўніку незалежнай журналісцкай супольнасці, і закрануць праблему стану незалежных СМІ ў Беларусі ў кантэксце канфлікту з журналістам парталу Tut.by, данесці сваю пазіцыю на гэты конт».
У перадачы абмяркоўваліся тэмы мінулага тыдня. Падзеі разглядаліся праз прызму дзейнасці медыяў.
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька вырашыў зрабіць перформанс і паказаць сваю майку, на якой з аднаго боку была «Пагоня», а дакладней герб Віцебскай вобласці, а з іншага — афіцыйны герб Беларусі.
«Гэта адбылося падчас таго, калі гаворка вялася пра неабходнасць дыялогу ў грамадстве. Я лічу, гэта добра, што старшыня Белтэлерадыёкампаніі дэманструе герб „Пагоню“. Але зразумела і тое, што на іншым баку майкі ён прадэманстраваў афіцыйны герб», — патлумачыў Андрэй Бастунец.
Журналіст адзначыў, што вялікіх мантажных дзеянняў над відэазапісам перадачы зроблена не было, і па вялікім рахунку, усё, што абмяркоўвалася, пайшло ў эфір:
«Да тэмы прадпрымальнікаў не дайшлі. Разглядалі тэмы пасяджэння вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, затрыманне Васіля Парфянкова, які ўдзельнічаў у акцыі ў Кіеве, а таксама праблему, звязаную з Паўлам Дабравольскім. Інцыдэнт з апошнім адбыўся раней, але гэта была мая просьба — звярнуцца да гэтай тэмы, каб выказацца ў падтрымку майго калегі».