Барыс Хамайда ўшаноўвае памяць Каліноўскага ў Віцебску
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер выйшаў у цэнтр гораду, на вуліцу Леніна, пад бел-чырвона-белым сцягам і з плакатам.
На ім напісана, што сёння ў Вільні адбываецца перапахаванне Кастуся
Каліноўскага і яго паплечнікаў — удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў.
Барыс
Хамайда тлумачыць, што такім чынам ён выказвае салідарнасць з тымі, хто
развітваецца сёння з нацыянальнымі героямі: "Больш за паўтара
стагоддзі мы не ведалі, дзе пахаваны наш нацыянальны герой Кастусь
Каліноўскі. І ў мяне сёння няма магчымасці быць там, на перапахаванні ў
Вільні. І таму я выйшаў тут — з такім тлумачальным плакатам і пад
бел-чырвона-белым сцягам".
Мінакі спыняліся,
чыталі надпіс на плакаце. Іхную ўвагу прыцягваў бел-чырвона-белы сцяг,
які лунаў у цэнтры гораду. Барыс Хамайда наважыўся выйсці з ім,
нягледзячы на тое, што сёння ў Віцебску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка,
і на вуліцы як ніколі шмат міліцыі. Бо ён лічыць, што ўшанаванне памяці
нацыянальных герояў Беларусі найважней за любыя акалічнасці —— нават за
пагрозу быць затрыманым.
Паводле Радыё Рацыя