Барановіч знаходзіцца ў штрафным ізалятары ўжо больш за 90 сутак
Святаслаў Барановіч ужо больш за 90 сутак знаходзіцца ў штрафным ізалятары ў турме горада Жодзіна, куды яго перавялі 17 лютага для адбыцця застаўшагася тэрміна пакарання. Пра гэта паведаміла праваабаронцам «Вясны» яго сястра Наталля.
Яна хвалюецца за фізічны і псіхалагічны стан брата, бо ў штрафным ізалятары вельмі жорсткія ўмовы, каб знаходзіцца там такі працяглы тэрмін. Акрамя таго, што ён цалкам ізаляваны ад іншых зняволеных, туды забаронена браць уласныя рэчы, нават кнігі. Пры такіх умовах таксама нельга атрымліваць лісты, перадачы і карыстацца грашыма на рахунку. У ізалятары ложак адкідаецца ад сцяны толькі на ноч, а на дзень вяртаецца да сцяны. Таму ў гэты час ён вымушаны сядзець і ляжаць на падлозе.
Таксама Наталля адзначае, што да гэтага часу не вырашаная праблема з акулярамі. У Святаслава і так нізкі зрок, а калі будзе доўга хадзіць без акуляраў, то сітуацыя са здароўем яго вачэй можа сур'ёзна пагоршыцца.
Да 17 лютага Святаслаў, знаходзячыся ў папраўчай калоніі №1 Наваполацка, прабыў у штрафным ізалятары каля 210 сутак.
Нагадаем, Святаслава Барановіча асудзілі за за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі падчас «Марша недармаедаў» 15 сакавіка 2017 года. 12 сакавіка 2018 года суд Маскоўскага раёна г. Мінска асудзіў Барановіча на 3 гады пазбаўлення волі.
Адрас для ліставанняў Святаславу Барановічу: турма № 8, вул. Савецкая, 22А, г. Жодзіна, Мінская вобласць, 222160