Палітвязень Міхаіл Жамчужны: «Працягваю змагацца за жыццё!»

«Абскардзіў прафілактычны ўлік «экстрэміста» ва УДВП Магілёву, а потым начальніку калоніі. Гэта дае права абскардзіць улік у судзе... Тытул «экстрэміста» не дазваляе мне звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальнымі скаргамі, таму што яны не разглядаюць скаргі тэрарыстаў, якія ўваходзяць у паняцце «экстрэміст»«», —  паведамляе палітвязень



zhamchuzny_sud_2.jpg

Пасля двухмесячнага перапынку віцебскі праваабаронца Леанід Свецік атрымаў доўгачаканы ліст ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага. Як і ў папярэдніх сваіх лістах, Міхаіл падрабязна расказвае пра тое, як актыўна абараняе свае правы і законныя інтарэсы ў судах, пракуратурах і органах сістэмы МУС, паведамляе "Віцебская Вясна".

Палітзняволены Жамчужны піша пра тое, што з прыходам вясны зноў абвастрылася сітуацыя з перапіскай.

Знішчылі мае віншаванні з Вялікаднем шэрагу праваабаронцаў, у тым ліку віцяблянцы Таццяне Севярынец”, —  з горыччу паведамляе палітвязень.

Не здзіўляйцеся, што пішу Вам ліст на выкарыстаным аркушы —  у мяне скончылася папера. Напэўна, толькі заўтра (5 траўня) куплю”, —  паведамляе пра сваю “бяду” Міхаіл Жамчужны.

 

Міхаіл Жамчужны піша лісты на ўжо выкарыстаных аркушах паперы

Міхаіл Жамчужны піша лісты на ўжо выкарыстаных аркушах паперы

“А я здзівіўся такому бязладдзю, —  адрэагаваў на гэтае паведамленне ЛеанідСвецік. —  Як можна дапусціць, што Міхаілу даводзіцца пісаць лісты на ўжываных аркушах? Гэта абуральна! Знаходзячыся ў ПКТ, Жамчужны не можа пазычыць паперы для пісання ў сукамернікаў. І ў гэтай сітуацыі кіраўніцтва калоніі магло пайсці насустрач палітвязню і даць яму магчымасць пазычыць альбо набыць паперу. Аднак яно гэтага не робіць. Цалкам дапускаю, што такім чынам адказныя асобы ПК-9 папросту здзекуюцца над зняволеным і над тымі, з кім Жамчужны перапісваецца. Калі так, то гэта нейкая ганьба беларускай сістэме выканання пакарання!

Палітзняволены атрымаў адказ на наглядную скаргу з Вярхоўнага Суду —  прысуд пакінуты без зменаў. Але ў адказе паведамляецца, што па нанава адкрытых акалічнасцях варта абскардзіць у пракуратуру ў межах раздзелу 43 КПК.

"Упершыню за 10 гадоў чую пра падобную працэсуальную магчымасць. Напэўна, КПК змяніўся. Улічу гэта для будучай працы. Планую скарыстацца парадай ВС”, —  піша ў лісце Жамчужны.

“Абскардзіў прафілактычны ўлік “экстрэміста” ва УДВП Магілёву, а потым начальніку калоніі. Гэта дае права абскардзіць улік у судзе, бо гэты ўлік быў прызначаны, калі я не меў аніводнага спагнання і меў статус “стаў на шлях выпраўлення” і “палепшаныя ўмовы”. Тытул “экстрэміста” не дазваляе мне звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальнымі скаргамі, таму што яны не разглядаюць скаргі тэрарыстаў, якія ўваходзяць у паняцце “экстрэміст”, —  паведамляе палітвязень.  

Таксама ён адзначае, што знікла ўжо 9-я заява за два гады на аплату вітамінаў: “Ніводнай аскарбінкі не даюць”. Аднак Міхаіл Жамчужны даведаўся з адказу Міністэрства аховы здароўя, што медчастка падпарадкоўваецца МУС згодна з пастановай МУС і Міністэрства аховы здароўя ад 27.08.2003 №202/39.

"Многае высветлілася, праўда? Працягваю змагацца за жыццё!”

“Абскардзіў паўторна Магілёўскаму пракурору напад на мяне 24 студзеня 2018 году ў медчастцы калоніі. Да скаргі прыклаў доказы, якія маю. Гэта дасць магчымасць адмяніць усе спагнанні і вызваліцца па дасягненні пенсійнага ўзросту альбо па амністыі да Дня вызвалення Беларусі”, —  напісаў Міхаіл Жамчужны.

 Праваабаронца "Вясны" Леанід Свецік характарызуе палітвязня:

“Сёлета ўлетку споўніцца 4 гады майму ліставанню з Міхаілам Жамчужным. За гэты час я досыць глыбока вывучыў асабістыя якасці Міхаіла. Лічу яго мужным, не абыякавым да чужых праблемаў чалавекам, здольным стаяць да канца ў справе абароны правоў чалавека. Спадзяюся, што ён вытрымае ўсе выпрабаванні і выйдзе на свабоду годным чалавекам”.