Баранавіцкі назіральнік скардзіцца на ўтойванне звестак пра пасады сябраў УВК
Назіральнік з Баранавіч Сяргей Гоўша пытаецца ў ЦВК, у чым жа заключаецца дэмакратызацыя гэтых выбараў у параўнанні з папярэднімі.
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Баранавіч Сяргей Гоўша накіраваў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.
У скарзе назіральнік выказвае сваё абурэнне адносна таго, што баранавіцкі гарвыканкам не друкуе на сваім сайце і ў газетах інфармацыю аб месцах працы і пасадах сябраў тэрытарыяльных і ўчастковых камісій.
Назіральнік лічыць, што немагчымасць даведацца пра месца працы сябраў камісій супярэчыць прынцыпам адкрытасці і галоснасці правядзення выбараў, а таксама не дае магчымасці вызначыць, ці выконваецца патрабаванне Выбарчага кодэкса, згодна з якім, дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну траціну складу камісіі.
“Поўныя спісы ўчастковых выбарчых камісій не друкуюцца выканкамамі ў прэсе таму, што складзеныя гэтыя камісіі з прадстаўнікоў адных працоўных калектываў. Спосабы вылучэння розныя, а калектыў — адзін. Менавіта таму не ўключаюцца ва ўчастковыя камісіі “чужыя” сябры ад дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый”, — адзначае незалежны назіральнік.
Для падмацавання сваіх слоў Сяргей Гоўша прыклаў да заявы параўнаўчы аналіз сямі выбарчых участкаў Баранавічаў з указаннем месцаў працы сябраў камісій. З яго вынікае, што на гэтых участках у якасці старшыняў участковых камісій абраны дырэктары школ, прадпрыемстваў і ўстаноў, а ў якасці сябраў камісій — іх падначаленыя. Склад камісій 2018 года ў параўнанні з папярэднімі гадамі амаль на 80–100% застаўся тым жа, што і раней.
Таму ў сваёй заяве Сяргей Гоўша пытаецца ў ЦВК, у чым жа заключаецца дэмакратызацыя гэтых выбараў у параўнанні з папярэднімі. Таксама назіральнік нагадвае, што яшчэ падчас мінулых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарчых кампаній звяртаўся з заявамі да мясцовых уладаў і непасрэдна ў Цэнтрвыбаркам з просьбай друкаваць месцы працы і пасады сябраў выбарчых камісій, аднак станоўчых вынікаў гэта не прынесла.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"