Барысаў: на выбарчым фронце без пераменаў
Барысаўскі назіральнік распавёў, што магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў вылучэнцаў яму не прадставілі, і нават не адказалі на ягоную заяву, замест гэтага старшыня параіў «дамаўляцца з сябрамі камісіі».
Пасяджэнне Барысаўскай раённай выбарчай камісіі, на якім адбывалася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты райсавета, прайшло 18 cтудзеня па-сямейнаму, без гучных сенсацый: сярод зарэгістраваных кандыдатаў — прадстаўнікі дырэктарскага корпусу, старшыні арганізацый ды іншыя начальнікі. Трое вылучэнцаў, якіх можна аднесці да незалежных, у тым ліку — два ад партыі БСДП (Грамада), кандыдатамі ў дэпутаты не зарэгістраваныя.
Барысаўскі назіральнік Алег Мацкевіч адзначае, што магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў вылучэнцаў яму не прадставілі, і нават не адказалі на ягоную заяву.
Яшчэ 10 студзеня ён звярнуўся пісьмова ў Барысаўскую раённую выбарчую камісію з просьбай дазволіць прысутнічаць на працэдуры праверкі подпісаў у падпісных лістах прэтэндэнтаў. Аднак пісьмовага адказу на зварот А. Мацкевіч не атрымаў.
На чарговым пасяджэнні выбарчай камісіі 16 студзеня, на якім прысутнічаў назіральнік, сябры камісіі адабралі з дакументаў, пададзеных на рэгістрацыю, пэўную колькасць лістоў для праверкі подпісаў і размеркавалі іх паміж сабой. У канцы пасяджэння Мацкевіч пацікавіўся ў старшыні камісіі П. Жуга, якім чынам вырашаецца яго пісьмовая просьба. Адказ быў такі: “Дамаўляйцеся з сябрамі камісіі”.
“Але як я магу з імі дамовіцца, калі яны
будуць правяраць подпісы па-за пасяджэннем камісіі?” — задаў слушнае пытанне
назіральнік.
“А гэта вашая справа” — прагучаў лаканічны адказ
старшыні камісіі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"