Балтыйскія краіны запыталі сустрэчу з Беларуссю ў рамках Венскага дакумента

Латвія, Літва і Эстонія звярнуліся да польскага старшынства АБСЕ з запытам аб сустрэчы з Беларуссю і іншымі зацікаўленымі бакамі ў рамках Венскага дакумента.

Фота: Алег Някала і Максім Гарлуковіч, «Ваяр»

Фота: Алег Някала і Максім Гарлуковіч, «Ваяр»

Сустрэча адбудзецца сёння, 14 лютага, паведамляе твітар-акаўнт польскага старшынства.
9 лютага тры балтыйскія краіны ў межах Венскага дакумента папрасілі Беларусь растлумачыць незвычайную ваенную дзейнасць. 11 лютага Беларусь адказала на запыт, але Латвія, Літва і Эстонія палічылі яго нездавальняючым.
У запыце тры краіны прасілі Беларусь даць тлумачэнні наконт незвычайнага і незапланаванага размяшчэння войскаў на вучэннях на тэрыторыі Беларусі, колькасці войскаў, якія ўдзельнічаюць у вучэннях, выкарыстання ваеннай тэхнікі і запланаванага вяртання войскаў у месцы пастаяннай дыслакацыі. У адказе Мінска не змяшчалася дэталёвай інфармацыі аб маштабе вучэнняў, сістэм узбраенняў і колькасці, войскаў, тэхнікі і ўзбраення, якія ўдзельнічаюць у вучэннях, а таксама аб плане вяртання расійскіх войскаў у месца пастаяннай дыслакацыі пасля вучэнняў, паведамляе Мінабароны Літвы.
Запыт з просьбай патлумачыць ваенную дзейнасьць таксама накіравала Украіна Расіі. Не атрымаўшы адказ, Кіеў запатрабаваў сустрэчы з Расіяй і ўсімі краінамі — удзельніцамі АБСЕ «для абмеркавання пытання аб узмацненні і перадыслакацыі яе [Расіі — заўв. Reform.by] войскаў уздоўж нашай мяжы і ў часова акупаваным Крыме».
Венскі дакумент 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі прадугледжвае, што краіны інфармуюць адна адну аб ваеннай дзейнасці, калі ў ёй удзельнічае ад 9000 чалавек, уключаючы падтрымліваючыя войcкі. Згодна з дакументам, дзяржава — удзельніца АБСЕ, якая адчувае заклапочанасць адносна незвычайнай ваеннай дзейнасці, мае права накіраваць дзяржаве, дзе адбываецца гэтая дзейнасць, запыт аб прадстаўленні тлумачэння.
Reform.by