Балцкія карані беларускай сталіцы
Кожны беларус, які захапляецца ўласнай гісторыяй, павінен хоць аднойчы патрошку пакапацца ў тапанімічных назвах нашай Бацькаўшчыны для таго, каб больш глыбока разумець уласнае паходжанне і адказаць на пытанні, хто ён і для чаго народжаны.
Не сакрэт, што тапаніміка беларускіх прастораў вельмі цікавая, што ілюструе ў назвах старажытную гісторыю нашай Айчыны. Прычым адлюстроўвае менавіта неславянскую даўніну нашых прастораў, якія першапачаткова былі заселены балцкімі плямёнамі, якія пакінулі свой след у тапаніміцы беларускіх прастораў.
Балцкасць беларускай сталіцы
Для такой справы не трэба далёка ісці ці ехаць, варта проста крыху азірнуцца вакол, каб пабачыць назвы, якія нас атачаюць. Напрыклад, сталіца нашай Бацькаўшчына ў плане старадаўніх найменняў вельмі цікавы аб’ект увагі і нават даследавання. Мяркую, для вялікай колькасці жыхароў амаль двухмільённага горада будзе здзіўленнем, што назвы Мінска з’яўляюцца не толькі даволі старадаўнімі, якія адсылаюць нас у далёкія часы, мінуючы цэлыя стагоддзі, але яшчэ маюць балцкае паходжанне.
Нікога цяперака асабліва не здзівіш, што сапраўдная назва горада гучыць як Менск, якая невядома калі будзе вернута назад. Вядома, што найменне мусіць правільна выкарыстоўвацца, спасылаючыся на нацыянальны тапанімікон, а не на моўныя традыцыі суседніх дзяржаў. Ні для каго не сакрэт, што назва Менск пайшла ад наймення малой рэчкі Менкі. Гідронім паходзіць ад балцкай назвы «menkas», што перакладаецца як «маленькая, дробная». Зразумела, што пра гэта мала хто задумваецца, калі вымаўляюць назву горада. Гэта яшчэ адна з важкіх падстаў для аднаўлення сапраўднай назвы сталіцы нашай дзяржавы, бо са зменай першапачатковага наймення губляецца старажытная гісторыя, якую нашыя продкі пакінулі ў тапоніме.
Найменне маленькай рэчкі Нямігі, якая сёння цячэ пад зямлёй, так і пагатоў балцкая. Мая летувіская сяброўка прыехаўшы першы раз у Мінск і трапіўшы ў сталічнае метро, са здзіўленнем пачула знаёмае слова. Аднак, сказала мне, што голас які аб’яўляе станцыі, няправільна робіць націск на слова і вымаўляе яго. І сапраўды кожны летувіс ведае слова «nemiga» (летув.) — «бяссонніца», а націск падае на першы склад. Нездарма ў цэнтры горада ёсць кафэ з вельмі сімвалічнай назвай — «Бяссонніца». Але разумее той, хто ведае.
І толькі праз некалькі месяцаў пасля гэтага выпадку я зразумеў, які багаты патэнцыял у Мінска. Не толькі турыстычны, але нават і геапалітычны, пры ўмове яго правільнага і рацыянальнага выкарыстання. Да таго ж наша сталіца, грунтуючыся на старадаўніх назвах і падзеях, звязаных з узнікненнем горада, цяжка ўвязваецца з усходнім суседам і яго гісторыяй.
Хіба зразумее рускі турыст назву Няміга? Перакананы, што для яго абсалютна незнаёмае і нават чужое слова, сэнс якога будзе практычна невытлумачальны. А вось летувісы, калі ласка! Ім будзе гэта слова вельмі знаёма, як і некаторыя іншыя сталічныя гідронімы.
Толькі ў савецкія часы тапаніміка горада была моцна змененая, а штучныя назвы той эпохі сталі не проста найменнямі, а ідэалагічнай зброяй, з дапамогай якой стваралі «савецкага чалавека». Сёння сталічную урбаніміку, на мой погляд, яны проста засмечваюць, засланяючы сабой спрадвечныя і архаічныя найменні. Хіба можна атрымаць эстэтычнае задавальненне, напрыклад, ад назваў станцый метро Ленінская, Першамайская, Трактарны Завод ці Кастрычніцкая? Адказ, здаецца, і так відавочны.
Свіслач — водная артэрыя сталіцы з балцкай асновай
Назва рэчкі Свіслач таксама мае балцкае паходжанне. Рэчка, якая працінае сучасны горад, працякае ў раёне прыгожага Лошыцкага парку і наогул з’яўляецца важнай воднай артэрыяй для сталіцы. Наконт паходжання назвы Свіслач існуе некалькі версій, і многія з іх схіляюцца да высновы аб балцкасці наймення.
Аўтарытэтныя рускія навукоўцы-лінгвісты Тапароў Уладзімір і Іваноў Вячаслаў у сваёй кнізе «Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья» прыйшлі да высновы, што найменне Свіслач балцкае, пра што сведчыць не толькі вакольная тапаніміка балцкага паходжання, але і аналіз наймення. Корань «вісл» мае індаеўрапейскае паходжанне, а фармант -ач балцкі, што паходзіць ад слова «аkis» (з летувіскай — «вока», бо ў міфапаэтычнай традыцыі многія вадаёмы ўспрымаліся як «вока», «акно» з таго свету і канал камунікацыі з ім) і звязваецца з водным локусам. Як сцвярджаў вядомы беларускі географ В.А. Жучкевіч, назва Свіслач яцвяжскага паходжання і абазначае «балоцістае месца, вільгаць».
Прычым Свіслач гэта не толькі рэчка, якая з’яўляецца правым прытокам Бярэзіны і ўваходзіць у басейн Дняпра. Гэтае найменне мае рака ў Гродзенскай вобласці, левы прыток Нёмана. У гэтай жа вобласці ёсць горад з ідэнтычнай назвай, а таксама гарадскі пасёлак у Пухавіцкім раёне і аграгарадок у Асіповіцкім. Назву можна маштабіраваць практычна на ўсю Беларусь, што падкрэслівае яе шырыню, а не лакальную важнасць і прысутнасць.
Не будзь афлайн — далучайся да нас
Такім чынам, калі адкінуць штучны і ненатуральны пласт тапанімікі Мінска, пераасэнсаваўшы некаторыя моманты гісторыі, то повязь з «славянскай» рускай культурай разваліцца як картачны домік. Пры гэтым не трэба забываць, што пэўныя сувязі з рускім народам і культурай сапраўды былі і ёсць, якія аднак не варта абсалютызаваць. З іншымі суседнімі народамі мы можам знайсці не менш агульнага, а падчас нават значна больш.
Як вышэй паказана, калі звяртацца да старажытнага пласта нашай культуры, то можна знайсці шмат агульнага з летувісамі, не гаворачы пра тое, што стагоддзямі мы жылі ў адной дзяржаве. Па розных навуковых даследаваннях і паказчыках сучасныя беларусы ўсё ж бліжэй да сваіх суседзяў, з якімі жылі калісьці ў Вялікім Княстве Літоўскім: украінцаў, палякаў, летувісаў. А старажытная тапаніміка толькі нагода, каб згадаць гэтую блізкасць.
Неяк аднойчы выпадкова і вельмі сімвалічна ў раёне станцыі метро Акадэміі навук мною быў заўважаны чырвоны Volkswagen Passat CL з беларускімі нумарамі, у якога на заднім шкле месцілася фраза на летувіскай мове. На шкле аўтамабіля белай фарбай была напісана фраза «Nebūk be ryšio — prisijunk prie mūsu», што азначае «Не будзь афлайн — далучайся да нас!». Добрая і пазітыўная фраза, якая можа з’яўляцца дэвізам і слоганам для кожнай арганізацыі ці актыўнай ініцыятывы. Паказальная знаходка машыны, што толькі падкрэслівае балцкія карані беларускай сталіцы.
Разам з тым цікавая знаходка падштурхоўвае да думкі, што трэба больш актыўна звяртацца да нашых глыбокіх каранёў і шырока агучваць уключанасць беларусаў да балцкага рэгіёна. І назвы беларускай сталіцы з’яўляюцца добрым пацвярджэннем, што беларусы адносяцца да Балтыі не толькі тапанімікай, але і ментальна. Такім чынам мы не проста будзем апеляваць да сваёй балцкай мінуўшчыны, але і адрывацца ад агрэсіўнага расійскага ўплыву.