Балабу зноў абразілі. Затрыманы 19-гадовы жыхар Оршы

За абразу кіраўніка мінскага АМАПу затрыманы 19-гадовы жыхар Воршы. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС, паведамляе TUT.BY.

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Затрыманы распавёў, што нумар мабільнага тэлефона Дзмітрыя Балабы знайшоў у тэлеграм-канале. Паведамленні кіраўніку АМАПа пісаў у Viber, калі знаходзіўся ў Літве, куды з'ехаў пасля ўдзелу ў пратэстах.

Нядаўна малады чалавек вярнуўся дадому. Тут яго і затрымалі.

На відэа, якое апублікавала ў сваім тэлеграм-канале МУС, хлопец кажа, што адправіў пасланне Балабу пасля таго, як «наглядзеўся ў тэлеграм-канале, што адбываецца з мірнымі грамадзянамі, як іх збіваюць».

— Следчыя далі прававую ацэнку дзеянням аршанца і распачалі крымінальную справу за пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Цяпер фігурант правяраецца на дачыненне да іншых злачынстваў, — паведамілі ў МУС.

Нагадаем, гэта не першы інцыдэнт з удзелам кіраўніка менскага АМАПу. Паўтара года "хіміі" атрымаў 19-гадовы студэнт сталічнай ВНУ за надпіс гелевай ручкай, які Дзмітрый Балаба палічыў абразлівым. У грамадзянскім пазове ён напісаў, што надпісы нанеслі яму маральныя пакуты, парушылі яго асабістыя немаёмасныя правы, у сувязі з чым ён прасіў таксама пакрыць яму шкоду ў выглядзе тысячы рублёў.

Паводле tut.by