Публічна абразіла Лукашэнку — дзяўчыну будуць судзіць за плакат на мітынгу

Абвінавачанне ў абразе Аляксандра Лукашэнкі выстаўленае ў дачыненні да жыхаркі Гомеля за надпіс на плакаце, які яна трымала ў руках на адной з мінскіх пратэстных акцый, паведамляе «Еўрарадыё».

"Абразлівы" плакат / sk.gov.by​

"Абразлівы" плакат / sk.gov.by​


"Абвінавачаная публічна абразіла прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэманструючы грамадзянам плакат з надпісам, якая змяшчае негатыўную ацэнку, выяўленую ў непрыстойнай форме", — заявілі ў Следчым камітэце Беларусі.

Усяго дзяўчыне выстаўлена абвінавачанне па трох артыкулах. Акрамя абразы Лукашэнкі, яе абвінавачваюць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў злосным хуліганстве.

Следства сцвярджае, што яна і яе знаёмы — абодвум па 18 гадоў — 6 верасня разам з іншымі неўстаноўленымі ўдзельнікамі пратэстаў "пашкодзілі адмысловы сродак шляхам нанясення балончыкамі з фарбай розных надпісаў". Хлопец таксама з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы. Яму прад'яўленыя абвінавачанні па двух артыкулах: ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў злосным хуліганстве.  

Хлопец і дзяўчына спецыяльна прыехалі ў Мінск з Гомеля, каб прыняць удзел у мітынгах, кажуць у СК. Абодва цяпер знаходзяцца пад вартай.

У нядзелю, 6 верасня ў Мінску і іншых гарадах прайшоў маштабны Марш адзінства. У той дзень на вуліцы выйшлі сотні тысяч чалавек.