Бакіеў лічыць сябе прэзідэнтам

Скінуты ў выніку вядомых падзеяў у Кыргызстане прэзідэнт гэтай краіны Курманбек Бакіеў не збіраецца складаць з сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Пра гэта ён заявіў журналістам падчас брыфінгу, што адбыўся 21 красавіка ў мінскай штаб-кватэры СНД.



269d837afada308dd4aeab28ca2d57e4.jpg

Скінуты ў выніку вядомых падзеяў у Кыргызстане прэзідэнт гэтай краіны Курманбек Бакіеў не збіраецца складаць з сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Пра гэта ён заявіў журналістам падчас брыфінгу, што адбыўся 21 красавіка ў мінскай штаб-кватэры СНД.
«Мой народ перажывае страшную трагедыю: банда самазванцаў абвясціла сябе ўладай і чыніць гвалт, забівае мірных людзей, разбурае жытло. Рабаўніцтва і гвалт робяцца нормай жыцця. Краіна адкінута на дзесяткі год назад, — заявіў Бакіеў. — Я як прэзідэнт Кыргызстана, як гарант Канстытуцыі не здымаю з сябе адказнасць за катастрофу, якую перажывае мой народ, і гатовы адказаць за гэта па закону. Але гэта не азначае, што я магу падпарадкавацца бандытам і пакінуць мой народ у бядзе».
З гэтай нагоды Курманбек Бакіеў зрабіў шэраг заяў. Па-першае, ён выказаў спачуванне ўсім сваякам і блізкім загінулых. «Па-другое, я не прызнаю сваю адстаўку. Дзевяць месяцаў таму народ Кыргызстана абраў мяне прэзідэнтам, і я прысягнуў служыць яму. Няма сілы, якая прымусіла б мяне адмовіцца ад маёй клятвы. Толькі смерць спыніць мяне. Я, Курманбек Бакіеў, — законна абраны прэзідэнт Кыргызстану, прызнаны міжнароднай супольнасцю. Па-трэцяе, усе мусяць ведаць, што бандыты, якія спрабуюць захапіць уладу, ёсць выканаўцамі чужой волі і не маюць ніякай легітымнасці. Кыргызстан не будзе нічыёй калоніяй, мой народ хоча быць свабодным і будзе свабодным, працягне будаўніцтва сучаснай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы».
Бакіеў нагадаў, што 7 красавіка прэзідэнцкім указам увёў у шэрагу раёнаў краіны надзвычайнае становішча згодна з дзейнай Канстытуцыяй Кыргызстана. «Я хачу, каб кожны грамадзянін разумеў, што, выконваючы загады банды, ён ставіць сябе па-за законам і робіцца саўдзельнікам злачынстваў з усімі наступствамі. Пакаранне за злачынства непазбежна», — прыгразіў скінуты галава Кыргызстана.
Курманбек Бакіеў заклікаў лідэраў сусветнай супольнасці «не ствараць прэцэдэнт, не прызнаваць банду легітымнай уладай». «Я настойваю на правядзенні незалежнага міжнароднага расследавання і пакарання вінаватых у гібелі людзей, марадзёрстве і распальванні міжнацыянальнай варожасці», — заявіў аратар. Ён звярнуўся да палітычных лідэраў СНД: «Нашай свабодзе і незалежнасці менш за два дзесяткі год. Не адступайце перад грубай сілаю, вы ў адказнасці за свой народ».
Бакіеў заклікаў грамадзян Кыргызстана не верыць, што яны адзінокія, і запэўніў, што ў кіргізаў ёсць надзейныя сябры, якіх нямала і на якіх можна «абаперціся ў цяжкую хвіліну і выратаваць краіну ад вялікай бяды».
«Я зраблю ўсё, каб вярнуць жыццё ў Кыргызстане ў канстытуцыйнае поле, і ні пры якіх абставінах не дазволю бандытам вызначаць лёс нашага народа. Я ўпэўнены: воля майго народа — пераадолець смуту», — заявіў Курманбек Бакіеў пры канцы свайго выступу.
Варта адзначыць, што Курманбека Бакіева прымаюць у Мінску як дзейнага кіраўніка дзяржавы — з перакрыццём грамадскага руху на галоўных вуліцах беларускай сталіцы па шляху яго следавання (калі ён ехаў на брыфінг і вяртаўся з яго), а парадак у будынку штаб-кватэры СНД, дзе адбываўся выступ Бакіева, забяспечвалі кіраўнікі Службы бяспекі беларускага прэзідэнта.