«Баюся нашкодзіць дзеткам больш, чым я нашкоджу ім сваім сыходам»

Загадчыца аддзялення РНПЦ дзіцячай анкалогіі звольнілася, бо не можа нармальна працаваць ад хваляванняў за калег, паведамляе "Наша Ніва".

1557281_507217496059034_261872825_o_mkr6u.jpg


Са слоў самой Надзеі, яна пайшла на звальненне, бо ўжо не магла якасна рабіць сваю работу ад хваляванняў. Пры гэтым, кажа яна, «гэта не палітычны крок», а вымушанае рашэнне.
«Прычына маёй заявы — агульны псіхалагічны фон, сітуацыя ў краіне і ў медыцынскай супольнасці, вечнае адчуванне стрэсу. Можа, гэта я такая крохкая, не даю рады, але мне стала эмацыйна цяжка працаваць якасна і засяроджана.
Працаваць у аддзеле з дзецьмі, хворымі на анкалогію, некаторыя з якіх сыходзяць, гэта і так маральна цяжка, а тут навалілася…
Работа патрабуе вялікай засяроджанасці, а я не магу і ўсё!
    Трасуцца рукі, цякуць слёзы, я не ўпэўнена ў сваіх дзеяннях, баюся прыняць няправільнае рашэнне і, тым самым, нашкодзіць дзеткам больш, чым я нашкоджу ім сваім сыходам.
На мяне вельмі цісне сітуацыя, якая склалася ў краіне і медыцынскай супольнасці, як гэта ўсё выстаўляюць па тэлебачанні, які бруд ліюць. Таму я вырашыла звольніцца», — патлумачыла «Нашай Ніве» Надзея.
Па яе словах, вернецца да прафесіі яна ў іншай палітычнай і псіхалагічнай абстаноўцы, а пакуль упэўнена, што без кавалка хлеба не застанецца, эміграваць не збіраецца.
Надзея кажа, што новая дырэктарка РНПЦ падпісала заяву хутка, утрымаць не спрабавала, пажадала мудрасці — да яе ў Пятроўскай пытанняў няма, крыўдаў таксама. Але яна адзначае, што ранейшы кіраўнік, напэўна, змог бы падтрымаць і знайсці словы для матывацыі да працягу работы.
А замяніць Пятроўскую, па яе словах, пакуль ёсць каму.
Агулам у РНПЦ дзіцячай анкалогіі склалася вельмі напружаная сітуацыя: медыкі адкрыта праяўляюць сімпатыі да пратэстуючых беларусаў і калег. Нядаўна ў РПНЦ, насуперак волі персаналу, змянілася кіраўніцтва, работнікі рыхтуюць адкрыты зварот да грамадства і ўладаў, некаторыя пішуць заявы на звальненні.