Бабруйскія журналісты хочуць высадзіць Алею імя Алеся Адамовіча

Незалежныя журналісты з Бабруйска, сябры мясцовай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў, выступілі са сваёй «ініцыятывай добрых спраў».

a._adamovich_4.jpg

У сярэдзіне траўня журналіст Андрэй Шобін звярнуўся з заявай у Бабруйскі гарвыканкам. Ён прапанаваў мясцоваму выканкаму разгледзець прапанову наконт таго, каб зрабіць у Бабруйску алею імя вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча.

Алесь Адамовіч з ранняга дзяцінства жыў у пасёлку Глуша (пад Бабруйскам), лічыў гэта месца сваёй малой Радзімай. У Глушы ён быў і пахаваны пасля сваёй смерці ў студзені 1994 года.

На зварот журналістаў адказаў намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Маркачоў.

Ён паведамляе заяўніку, што бабруйскім гарвыканкамам ініцыятыва па ўшанаванні памяці «нашага вялікага земляка» ўспрынятая станоўча.

Аддзелам і службам гарвыканкама «даручана прапрацаваць гэта пытанне» і прыняць канчатковае рашэнне на бліжэйшым пасяджэнні тапаграфічнай камісіі.

«Дадзенае пытанне застаецца на кантролі ў Бабруйскім гарвыканкаме», — адзначае Маркачоў у сваім адказе.

Аўтар звароту, Андрэй Шобін, патлумачыў Службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», што мае намер схадзіць у выканаўчы камітэт яшчэ раз, удакладніць «дэталі» і ўзгадніць планы мясцовай журналісцкай супольнасці і гарвыканкама.

Паводле baj.by