Аўтобус з беларусамі вылецеў праз сустрэчную паласу ў кювет пад Кіевам (фота)
Зранку 23 ліпеня стала вядома пра чарговую аўтааварыю з удзелам беларускіх турыстаў ва Украіне, піша «Еўрарадыё».
![Фота з акаўнту Насці Машчавай у Фэйсбуку Фота з акаўнту Насці Машчавай у Фэйсбуку](/img/v1/images/ukraina_2307_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з акаўнту Насці Машчавай у Фэйсбуку
Пра ДТЗ на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распавяла мінчанка Насця Машчава (Nascja Mashchava).
Дзяўчына паведаміла, што здарэнне адбылося каля вёскі Ёсіпаўка пад Кіевам. Кіроўца аўтобуса заснуў за рулём. У выніку, транспарт праз сустрэчную паласу з'ехаў у кювет. Ахвяраў пры ДТЗ удалося пазбегнуць.
Акрамя турыстаў, як напісала Машчава, у аўтобусе група дзяцей ехала на спаборніцтвы.
За апошнія дні гэта другое ДТЗ з беларускімі турыстамі ва Украіне. 20 ліпеня пад Мікалаевам з беларускім мікрааўтобусам сутыкнуўся ўкраінскі грузавік. У мікрааўтобусе загінулі пяць чалавек. Яшчэ трое ў цяжкім стане трапілі ў рэанімацыю.