Арыштаваныя IT-шнікі займаліся дакументамі кіраўніка справамі Лукашэнкі
Тыдзень таму сілавікі затрымалі першага намесніка старшыні праўлення найстарэйшай беларускай IT-кампаніі IBA Group Сяргея Акуліча. Ёсць інфармацыя, што яго падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Старшыня праўлення кампаніі Сяргей Ляўцееў, паводле інфармацыі журналістаў, таксама знаходзіцца ў «распрацоўцы», хоць пацверджанай інфармацыі аб яго арышце пакуль няма.
Цікава, што IBA Group заўсёды была на добрым рахунку ў дзяржаўных структур. Да прыкладу, менавіта спецыялісты гэтай кампаніі распрацоўвалі праграмную частку скандальна вядомых валідатараў для грамадскага транспарту ў Мінску, паведамляе «Салідарнасць».
Айцішнікі займаліся стварэннем сістэмы карпаратыўнага электроннага дакументазвароту ва ўпраўленні справамі кіраўніка краіны, а таксама адзінай інфармацыйнай сістэмы органаў пракуратуры Беларусі.
Больш за тое, IBA Group выконвала заказы для буйных дзяржпрадпрыемстваў — такіх як БелАЗ, «Беларуснафта», БМЗ і іншыя.
На думку некаторых крыніц, цікавасць у сілавікоў да ІТ-бізнесменам паўстала пасля затрымання выканаўчага дырэктара Беларусбанка Анатоля Багавіка і гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Генадзя Зубарева з-за «абналічкі і адкатаў».
Прэс-службы КДБ і СК затрымання пакуль не каментуюць.
Паводле udf.by