Як удзельнічаць у развіцці горада: даведнік «Экаграда»

Аргкамітэт грамадскага аб'яднання «Экаград» выдаў метадычны даведнік «Удзел грамадзян у развіцці горада. Алгарытм грамадскага абмеркавання горадабудаўнічых праектаў».


gi_19059_96299_big.jpg


Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: onliner.by

Як паведаміў на прэзентацыі выдання 3 чэрвеня ў Мінску кіраўнік аргкамітэта ГА «Экаград» Віктар Янчурэвіч, даведнік створаны для грамадзян і ініцыятыўных груп, якія гатовыя змагацца з планамі ўладаў па ўшчыльненні забудовы.
«Экаград» аб'яднаў лідараў лакальных ініцыятыўных груп Мінска, якія абаранялі інтарэсы жыхароў падчас правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў дэталёвага планавання тэрыторый. Таму ў нас назапасіўся багаты вопыт практычнага ўдзелу грамадзян у грамадскіх абмеркаваннях, і мы дзелімся ім у гэтай брашуры. Яна дапаможа людзям, якія яшчэ не траплялі ва "ўшчыльняльны канфлікт" і не ведаюць, як абараняць свае інтарэсы», — адзначыў Янчурэвіч.
Паводле яго слоў, сёння забудова адбываецца не ў чыстым полі, не за кошт пашырэння адміністрацыйных межаў населеных пунктаў, а за кошт унутраных тэрыторый, якімі з'яўляюцца зялёныя зоны, дваровыя тэрыторыі, санітарна-ахоўныя зоны прадпрыемстваў, прыватны сектар. «Каб гэтага не адбывалася, жыхарам не трэба чакаць, калі будзе распрацаваны план і вынесены на грамадскае абмеркаванне, трэба праяўляць актыўнасць і клопат пра свой двор або суседнюю зялёную зону, трэба дзейнічаць на апярэджанне і самім прапаноўваць варыянты развіцця канкрэтных тэрыторый», — лічыць актывіст. Ён прывёў мноства прыкладаў, калі жыхары пачыналі барацьбу супраць ушчыльнення ўжо тады, калі агароджвалася тэрыторыя пад забудову. «Жыхары часам са здзіўленнем даведваліся, што той ці іншы праект прайшоў грамадскае абмеркаванне, а яны пра гэта нічога не ведалі», — зазначыў Янчурэвіч.
Паводле яго слоў, метадычны даведнік дапаможа разабрацца ў тым, што такое генплан, праект дэталёвага планавання, што такое грамадскае абмеркаванне, дзе знайсці інфармацыю пра іх, якія дзеянні неабходна распачаць да і падчас грамадскага абмеркавання, як стварыць ініцыятыўную групу. Таксама ў брашуры прыведзеныя ўзоры асноўных зваротаў, якія спатрэбяцца грамадзянам для атрымання інфармацыі ад уладаў і для абароны сваіх інтарэсаў.
«Мы адкрытыя для ўсіх актыўных людзей і гатовы падзяліцца сваім вопытам, каб зберагчы іх час і адстаяць іх інтарэсы», — рэзюмаваў кіраўнік аргкамітэта.
Для таго каб атрымаць даведнік, можна звярнуцца па электроннай пошце грамадскага аб'яднання: ecograd@ecograd.by або патэлефанаваць па тэлефоне +375 (29) 7860378.
Паводле БелаПАН