Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» запрасіў прадстаўнікоў Мінпрыроды прыняць удзел у акцыі

Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» запрасіў прадстаўнікоў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыняць удзел у акцыі, заяўка на якую 3 красавіка была пададзеная ў Мінгарвыканкам.

ЧШ-2016

ЧШ-2016


«Сёння былі на прыёме ў міністра, — заявіў БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Мы перадалі запрашэнне, каб прадстаўнікі міністэрства прынялі ўдзел у акцыі».
Таксама прадстаўнікі аргкамітэта (Анатоль Лябедзька, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі) прапанавалі міністэрству прыняць удзел у дыскусіі аб будаўніцтве АЭС у Астраўцы, правядзенне якой плануецца напярэдадні 26 красавіка.
«Сустрэча прайшла ў вельмі адкрытай абстаноўцы. Міністр дэклараваў сваю адкрытасць. Але ці будзе ад яе плён, паглядзім пазней», — адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. — Мы запрасілі прадстаўнікоў міністэрства на Чарнобыльскі шлях і на круглы стол, які мы будзем арганізоўваць перад Чарнобыльскім шляхам. Таксама нам удалося пагаварыць пра шэраг экалагічных праблем у горадзе Мінску, экалагічнай катастрофе ў Заслаўе ў сувязі са сметнікам бытавых адходаў і абмеркаваць, як можна палепшыць маніторынг экалагічных праблем з большым удзелам грамадзян і грамадскіх экалагічных ініцыятыў».
Лябедзька адзначыў, што ўчора ў Вільні сустракаўся з дэпутатамі сейма Літвы. «Яны выказалі жаданне прыняць удзел у гэтым круглым стале. Мы па-рознаму ацэньваем многія пытанні экалагічнай бяспекі, але гэта не павінна перашкаджаць абмеркаванню гэтых пытанняў. Грамадзянская супольнасць і ўлады маглі б аб'яднаць свае намаганні, адкрыта і сумленна дыскутаваць па пытанні будаўніцтва новай АЭС у Беларусі», — сказаў ён.
Аргкамітэт акцыі просіць сталічныя ўлады дазволіць 26 красавіка збор удзельнікаў каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, правядзенне там мітынгу, а потым шэсце па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да памятнага знака ахвярам Чарнобыля (каля царквы іконы Божай Маці «Спагнанне загінулых»), дзе таксама плануецца мітынг з ускладаннем кветак.
Заяўку падпісалі прадстаўнікі сямі арганізацый, якія ўвайшлі ў аргкамітэт: Беларускай партыі "Зялёныя", руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
«Чарнобыльскі шлях» — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, які завяршаецца мітынгам. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.