Арганізатары спадзяюцца на паспяховасць адзначэння Дня Волі
Мінскі гарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка ў прапанаваным заяўнікамі фармаце. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 21 сакавіка паведамілі сябры аргкамітэту па адзначэнню 94-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Мінскі гарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка ў прапанаваным заяўнікамі фармаце. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 21 сакавіка паведамілі сябры аргкамітэту па адзначэнню 94-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
На сустрэчы з журналістамі аргкамітэт прадстаўлялі яго старшыня, кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, сябра аргкамітэту па стварэнню партыі “Беларускі рух Віктар Івашкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі быў Уладзімір Раманоўскі, ад Руху “За свабоду — Аляксей Кавалец, ад кампаніі “Еўрапейская Беларусь — Сяргей Казакоў, ад мастацкай суполкі “Пагоня — Аляксей Марачкін.
Аляксей Кавалец, Уладзімір Раманоўскі, Аляксей Янукевіч, Уладзімір Колас і Віталь Рымашэўскі
Уладзімір Колас адразу адзначыў, што сустрэча заяўнікаў з прадстаўнікамі сталічнага выканкаму адбылася ў атмасферы паразумення, сталічныя ўлады пагадзіліся з прапанаваным арганізатарамі фарматам акцыі. Збор удзельнікаў пачнецца 25 сакавіка ў 13.00 каля будынку Прэзідыюма Нацыянальнай акадэміі навук, адкуль у 14.00 рушыць шэсце па Праспекце Незалежнасці, далей па вуліцы Сурганава да Парку Дружбы народаў у раёне Плошчы Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Па словах спадара Коласа, удзельнікі мітынгу будуць змушаны прайсці праз металашукальнікі, якіх будзе шэсць, з сабой забараняецца мець колючыя прадметы. На месца мітынгу можна пранесці не больш за паўлітра вадкасці ў пластыкавай бутэльцы. Паводле Уладзіміра Коласа, улады паабяцалі не перашкаджаць удзельнікам выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку, транспаранты і іншыя атрыбуты. Будзе арганізаваная дружына, каб выключыць магчымыя правакацыі і гарантаваць парадак падчас шэсця і мітынгу.
Аляксей Марачкін, Віктар Івашкевіч і Сяргей Казакоў
Старшыня аргкамітэту адразу адказаў усім скептыкам, якія крытыкавалі арганізатараў за намер праводзіць акцыю 25 сакавіка на Бангалоры. “Для нас сёння галоўнае не месца, а тое, каб мы былі разам. А потым можна будзе прэтэндаваць і на іншыя месцы. Пакуль што Плошча Банглор, і мы заклікаем усіх быць там 25 сакавіка, — адзначыў Уладзімір Колас.
Адказны за матэр’яльную частку забеспячэння Дня Волі Віктар Івашкевіч праінфармаваў журналістаў, што ўжо распачаўся распаўсюд улётак і налепак пра акцыю 25 сакавіка, прынцыпова вырашана пытанне з забеспячэннем гукаўзмацняльнай тэхнікай. “Каля дзесяці музыкаў далі згоду выступіць з гітарамі ў акустычным варыянце на Плошчы Бангалор і выканаць свае творы на тэму незалежнасці і свабоды. Далі згоду прыняць удзел у мітынгу шмат хто з сваякоў палітвязняў, а таксама лідары палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Што тычыцца нашага крэатыву, дык гэта тое, што людзі павінны адчуць, што персанальна ад іх залежыць лёс Беларусі і крэатыў падчас мерапрыемства, — падкрэсліў Івашкевіч. — Абвешчаны галоўныя лозунгі: “За незалежную Беларусь!, “За свабоду палітвязняў!, “За свабодныя выбары!. Няхай кожны зробіць такі плакат сам, са сваімі сябрамі, няхай прыдумае нешта іншае. Кожны мусіць пачаць з сябе, і мы звяртаемся: Людзі, самі бярыце свой лёс у свае рукі, самі бярыце сцяг і самі прыносьце яго на месца!.
Як заўважыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, 25 сакавіка заўжды з’яўлялася асобнай датай у палітычным календары. “Гэта дата стаіць па-над нейкімі вузкапартыйнымі інтарэсамі, гэта сапраўды свята незалежнасці. Тым больш сёлета гэтая дата 25 сакавіка мае вялікае значэнне. Гэта не дзяжурнае апазіцыйнае мерапрыемства, бо за апошнія паўтары гады краіна рухалася ў настолькі няправільным накірунку, што мы сёння сапраўды стаім на мяжы страты беларускай эканамічнай і палітычнай незалежнасці. У Маскве ўжо цяпер рыхтуюцца дзяліць беларускую ўласнасць, рыхтуюцца раздаваць пасады ў “паўночна-заходняй губерні ці “акрузе. Ужо на Захадзе аналітыкі пішуць: трэба прызнаць як факт, што Беларусь страціць сваю незалежнасць. Апроч нас, беларусаў, наша незалежнасць не патрэбная нікому. Калі яна нам патрэбная, мы павінны аб гэтым сказаць, і лепшы час для гэтага — 25 сакавіка, — падкрэсліў Аляксей Янукевіч.
Арганізатары адзначылі, што заяўлялі да тысячы ўдзельнікаў акцыі, але выказалі спадзяванне, што ў нядзелю на акцыю прыйдзе значна больш людзей. Сябры аргкамітэту нават гатовыя несці адказнасць перад уладамі за перавышэнне колькасці мітынгоўцаў.
Аляксей Марачкін паведаміў, што 21 сакавіка ў сядзібе Партыі БНФ пачала працу выстава мастакоў — удзельнікаў творчае суполкі “Пагоня, якая прысвечаная ўгодкам незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.