Апальны дырэктар музею ў Завоссі: Не трэба варушыць гэты гадзюшнік
Анатоль Еўмянькоў, які больш за дзесяць гадоў узначальваў дом-музей Адама Міцкевіча ў Завоссі пад Баранавічамі, больш не жадае змагання.
Са спадаром Анатолем не працягнулі працоўны кантракт, і ад 1 верасня
сядзібу ўзначаліць нехта іншы.
Прычынай непрацягнення працоўнага кантракту з Анатолем Еўмяньковым, стваральнікам сядзібы, стала ягоная спрэчка з кіраўніком аблвыканкаму Анатолем Лісам. На адной з нарадаў дырэктара музею абвінавацілі ў кепскай працы.
Дырэктар пачаў гэта абвяргаць і спрачацца з чыноўнікам. У выніку кантракт з ім не працягнулі. Анатоль Еўмянькоў цяпер не жадае пра тое нават згадваць:
«Я ўжо асабліва не пераймаюся гэтай гісторыяй. Цяпер ужо і каментаваць не хочацца, і ўзгадваць таксама не хачу, бо заслужыў спакой. Я проста пераканаўся чарговым разам, што гэты гадзюшнік няма патрэбы варушыць. Было ды было. Я адпрацаваў, і ўсё. Ужо колькі гадоў на пенсіі, маю права пайсці на заслужаны адпачынак. А як здарылася, так і здарылася».
Дык які лёс чакае музейную ўстанову, якую спадар Еўмянькоў столькі гадоў ўзначальваў?
«Гэта ўжо цалкам залежыць ад дзяржавы, бо музей дзяржаўны. Таму няхай дзяржава клапоціцца надалей пра ўстанову. Я быў на сваім месцы, і ўсё, што мог, тое і рабіў. І лічу, што зрабіў. Спадзяюся, што памяць пра мяне застанецца. Будуць прыязджаць туды людзі і казаць, што гэта Еўмянькоў пасадзіў парк. Ім зроблена гэтая прыгажосць. У музеі сабрана каля сотні экспанатаў. Голыя сцены і голы музей жа быў. А далей няхай працягваюць. Думаю, у нас шмат людзей, якія здольныя і таленавітыя і змогуць працягваць у гэтым кірунку.
У адказе на пытанне, наколькі дзяржава дапамагае ўтрыманню і развіццю музея, суразмоўца быў лаканічны:
«Тут проста без каментароў, бо няма нават чаго сказаць...»