Анёл, які ўпаў. Споведзь былога наркамана

Я ўяўляла яго інакш… Гадоў 35-ці, з асунутым тварам, дрыготкімі рукамі… Аказалася, Ягору 23. Год 7 з іх — прайшлі «у залежнасці». У гэта цяжка паверыць, гледзячы на маладога, абаяльнага хлопца. 



angel1.jpg

Мы сустрэліся ў кавярні. Гэта была добрая размова, сумленная, асабістая, такая, пра якую кажуць: «чапляе»…

(Не хочацца яго перабіваць, таму пакіну свае думкі ў дужках. Вось так.)


«У 6 год я выкурыў сваю першую цыгарэту. (Імкнуся схаваць шок. Напэўна, з няшчаснай сям’і.) Не, я з нармальнай… Трэцяе дзіця. Люблю сваіх бацькоў. Вельмі… Проста ім даводзілася шмат працаваць. Маме, бацьку… А мне не хапала… душэўнага цяпла. З братамі розніца вялікая. Так што, я падаўся на вуліцу, да сяброў. Нам хацелася здавацца старэйшымі, і мы палілі. Збіралі недакуркі, кралі цыгарэты ў бацькоў. У маёй сям’і ніхто не курыў. І бацькі нават не ведалі… А ў 9 я ўпершыню напіўся. Танным віном. Была навагодняя ноч, бацькі ўжо спалі, а я глядзеў тэлік. Прыйшлі сябры і выцягнулі мяне на вуліцу. Мы ўзялі бутэльку і пайшлі ў суседскую лазню. Было жудасна! Ванітавала, расколвалася галава, але здавалася, што мы разарвалі нейкую перашкоду — мы сталі дарослыя… Я «забіў» на вучобу, хоць да трэцяга класа быў выдатнікам, і апынуўся ў «адсеўцы». Ну, ведаеце, ёсць матэматычны клас, ёсць гуманітарны, а ёсць «адсеўка». Там усё і пачалося. У некалькіх аднакласнікаў ўжо былі судзімасці. Педсаветы, улікі нарколагаў, прагулы… У такім класе я вучыўся. (Няўжо бацькі не заўважалі?) З боку ніякага драматызму ў гэтым не было: ну троечнік, захапленні дурныя… перарасце.

У 13–14 я быў ужо моцным малым, бацька не мог мяне сур’ёзна пакараць. Хаваўся, заставаўся ў сяброў, каб спачатку адысці… Бацькі не ведалі, хто я на самай справе (Як жа не страціць сваіх дзяцей? Як зрабіць так, каб яны не хавалі, калі з імі адбываецца нешта дрэннае?)

У 14 гадоў мы вырашылі, што ўжо досыць дарослыя, каб піць гарэлку. Колькасць бутэлек расла. Да сваіх 15-ці я выпіваў бутэльку на траіх. А потым з’явілася марыхуана. Тады ж, у 14. Гэта быў першы наркотык. Але не, не першы… Да гэтага мы спрабавалі «факаць» бензін. (Прачытаў здзіўленне ў маіх вачах.) Ну, нюхаць… Налівалі ў пакет і нюхалі… Бабуля маёй аднакласніцы здавала пакой нейкім хлопцам з Барысава. Ім было гадоў па 19. Я пасябраваў з імі. Яны вадзілі з сабой у кавярню, «налівалі» і неяк спыталі, ці не ведаю я, дзе дастаць «траўкі». У маёй тусоўцы тады быў чалавек, які мог дастаць. У першы раз я даставаў наркотыкі нават не для сябе.(Вось яна, іронія жыцця…) Мне хацелася дапамагчы гэтым хлопцам, аддзячыць іх, апраўдаць давер. Яны далі мне 10 даляраў (Усяго-та…), я перадаў іх свайму знаёмаму. Калі б потым не здарылася тое, што здарылася, можа, я ніколі б і не паспрабаваў. (Праглынуў сліну, апусціў вочы). Мне не хацелася зусім… Чалавек, якому я аддаў грошы, увогуле… яго кінулі. А ён, адпаведна, кінуў мяне. Грошы забралі, а тавар не аддалі. Гэтыя хлопцы наехалі на мяне, а я сам быў у шоку, крыўдна было, што так выйшла. Потым яны з’ехалі з той кватэры, і я больш нічога пра іх не чуў. Праз некаторы час сустракаю на вуліцы таго самага «пастаўшчыка»: «Слухай, Ягор, нядобра атрымалася… Грошай, каб аддаць, няма, але хочаш мы цябе «накурым»?» Я не хацеў, было страшна, але чамусьці пайшоў… Першы раз ніякай радасці не адчуў, затое «пасябраваў» з гэтым хлопцам і стаў з ім пакурваць па выходных. Вось тады я навучыўся расслабляцца і лавіць кайф. (Цікава, як гэта?) Табе ўвесь час хочацца парагатаць, здаецца, што ты такі вясёлы і таварыскі, загаварыў бы любога… І думаеш пра сябе: «Ну трава — гэта ж не наркотык! Бо ты такі добры, такі класны…» Гадзіны праз два дзеянне сканчаецца, і цябе проста «сячэ», хочацца спаць, слабасць, нібы ўсю энергію высмакталі. 60 тысяч за карабок — цалкам даступна. Прыйшоў па адрасе раніцай, аддаў грошы, а вечарам табе прынеслі… Неяк адзін пацан кажа: «Ёсць такая класная штука… Таксама трава, але яе трэба варыць у малацэ…» Звычайныя каноплі. Гадзіны дзве варэння, і з чатырох літраў атрымліваецца грам 300 канцэнтрату, горкага, звязальнага, здольнага выклікаць ваніты адным пахам і смакам… Але ён добра «ўстаўляе»… Аднойчы пасля яго смяяўся да такой ступені, што звяло скулы, а спыніцца не мог. А праз нейкі час «завіс». Як потым аказалася, гэта быў «перадоз». Пачаліся безупынная ваніты і паніка. Думка толькі адна: «Я зараз памру!» (І ніхто ж не выклікаў «Хуткую»… Баяліся, наркотыкі…) Больш «малако» я не піў. Але знайшоўся новы «прыкол», абсалютна бясплатны. Грыбы псілацібы. Вельмі маленькія і не надта гадкія на смак. У нас пад Заслаўем я ведаю чатыры месцы, дзе яны растуць. Іх трэба есці сырымі. Вось гэта наогул «вылет з свядомасці». Ты не разумееш, што адбываецца… Бачыш у 3D кожную дробязь… вось нават гэтая цукрынка будзе вылучацца над сталом. Упершыню мы «наеліся» у лесе… Я назіраў за сваімі сябрамі, яны разгойдваліся на месцы. Раптам адзін з іх выпадкова закрануў мяне плячом. Выразна памятаю, падумаў: «Як ён гэта зрабіў? Мяне ж тут няма…»

Гэта цягнулася гадзін шэсць. Першую гадзіну было весела, потым — ахапіў жах. Жах ад таго, што цябе не адпусціць… Але чамусьці гэта не спыніла. Мы сталі збірацца кампаніямі і ездзіць у лес. Гэта здавалася такім бяскрыўдным. Зараз я пытаюся ў сябе: як? чаму я не зразумеў, куды гэта вядзе? (Голас дрыжыць…)

Да 19-ці я еў грыбы, а пасля пачалася эра пад назвай «трамадол». Гэтыя таблеткі выпісваюць наркаманам, каб зняць абстынентны сіндром — «ломку». Наркаманы, якія стаялі на ўліку, прадавалі гэтыя таблеткі па 20 тысяч. Да гэтага моманту я ўладкаваўся на працу. Фармаваў бетонныя канструкцыі. Сярод супрацоўнікаў было шмат наркаманаў «на ігле». Але я не разумеў іх: «Навошта калоцца, калі можна гэтак жа «цягнуцца» ад таблетак?!» Доўгі час я працаваў з імі, курыў марыхуану, піў трамадол, еў грыбы — і мне хапала. І вось аднойчы прыйшоў на працу з пахмелля. Было вельмі дрэнна. Я разумеў, што 4 таблеткі трамадолу знялі б гэты стан і далі сіл. Але іх не было. Тады я сам патэлефанаваў чалавеку і папрасіў укалоцца. Гэта быў мак, апрацаваны кадэінам. Стала лягчэй: прытупіўся боль, з’явіліся сілы, але не было ўздзеяння на свядомасць, таму мне не спадабалася. Праз нейкі час захацелася паўтарыць… Сістэма якая? Едзеш на «кропку», купляеш, вяртаешся дадому і варыш… Усяго 50 тысяч. (Думала, быць наркаманам — гэта дорага… Аказваецца, не.)Гэта багатыя наркаманы нюхаюць какаін і гераін па 100 даляраў, а бедныя — збіраюць па гародах мак і ядуць грыбы. Вось другі раз было добра… І я пачаў калоцца… Пазней мне прапанавалі паспрабаваць амфетамін. На яго фоне ўсё здалося глупствам. Я закахаўся ў гэты наркотык. Яго можна было калоць, нюхаць, глытаць — усё, што хочаш… Ён даваў неверагодны прыліў сіл і энергіі. Я працаваў за чацвярых без адпачынку і перапынкаў. А потым пачынаўся «выхад». «Выхад» вельмі цяжкі: немагчыма падняцца з ложка, ліміт энергіі выдаткаваны. У такія дні я не мог выйсці на працу. А часам ішоў у надзеі, што ў кагосьці ёсць, чым «зняцца». У адрозненне ад маку, амфетамін каштуе не танна. На пецярых трэба было скінуцца хаця б па 20 даляраў, каб укалоцца адзін раз. Пачалася сапраўднае наркаманскае жыццё: наркотыкі, каб патусавацца, наркотыкі, каб папрацаваць, наркотыкі, каб пагутарыць… Працуеш, каб аддаць даўгі і зноў укалоцца.

З часам стала не да весялосці. Ты ўжо не ходзіш па вечарынках. Ты — ціхі наркаман. Тваё жыццё — праца і «кропка». Я страціў 20 кг і набыў гепатыт. За дзень мог 5 разоў «знюхаць» і 2 разы ўкалоцца. Але энергіі станавілася ўсё менш. Ранейшай дозы не хапала. Здавалася, вось яшчэ раз укол і яно прыйдзе. Але яно не прыходзіла…

Ад мяне патыхала кіслатой, людзі казалі: «Ягор, ад цябе смярдзіць!» Каб дамагчыся эйфарыі, я прыдумаў да амфетаміну дадаваць грыбы. І першыя два разы гэта спрацавала, а на трэці — у мяне пачалася паранойя. Я сядзеў дома пад коўдрай і дрыжаў ад страху, ці стаяў пад дзвярыма, гледзячы ў вочка. Мяне выгналі з працы, потым з другой, з трэцяй…

Пра спайсы… Іх мог дастаць любы 14-гадовы хлопец. А часам мы проста адбіралі ў іх. Што яны зробяць? У міліцыю, зразумела, не пойдуць. Галюцынацый ад спайсаў спачатку не было. Проста нейкі абсаджаны стан. А потым з’явіліся… Я ўскокваў ноччу, крычаў, пацеў… Спаў перабоямі, па гадзіне, па дзве. Станавілася ўсё горш. Не было сіл працаваць, не было грошай, я не мог ужо нічога хаваць, ад бацькоў, ад жонкі… Мая Юлька… (На секунду задумаўся, голас пацяплеў.) У 15 гадоў я пачаў сустракацца з маёй жонкай. Яна не ведала, што я ўжываю цяжкія наркотыкі. Думала, «пакурвае» і ўсё… Калі мы пазнаёміліся яна не паліла, не піла і была выдатніцай. Са мной — стала паліць кальян, марыхуану, паспрабавала нюхаць спайс. Яна не калолася, але таксама стала «залежнай». Мы пажаніліся, у нас нарадзілася дачка. Мы пакідалі яе маме і ездзілі на тусоўкі. Сям’я не ўяўляла ніякай каштоўнасці…

Незадоўга да майго дня нараджэння мы ўкалоліся з таварышам… Я сказаў: «Больш так не магу! Не магу…» (Ком падступіў да горла.) Ён адказаў: «Табе трэба ў рэабілітацыйны цэнтр. Я чуў, там дапамагаюць…» Я выпісаў з інтэрнэту нумары тэлефонаў, штук 6 або 8, і пачаў абзвоньваць… Усё роўна куды… абы забралі…

Нідзе не здымалі трубку, як раптам… я кудысьці датэлефанаваўся. Гэта быў рэабілітацыйны цэнтр «Рождественский»: «Так, Ягор, мы дапамагаем такім, як ты. Прыязджай на сумоўе.» Пазней прыйшлі сябры святкаваць мой дзень нараджэння: «Так, добра, расслабся… Які рэабілітацыйны цэнтр? Давай вып’ем…» Выпілі, пакурылі марыхуану, стала лягчэй…

Прайшоў тыдзень. Мама калола мне моцныя абязбольвальныя, каб зняць ломку. І калі я вырашыў, што ўжо «адпускае», накрыла другая хваля. Хацелася памерці… Я нікчэмны. Маё жыццё — нішто. Я ўзяў машыну бацькі, перамяшчаўся на ёй, прадаваў усё, што ўзяў з хаты, і купляў наркотыкі. Заручальны пярсцёнак, срэбра, золата, тэлефоны — мамін, свой, Юліны — усё «паклаў». Калі рэчы скончыліся, я прадаў машыну. Проста аддаў яе за 100 долараў без дакументаў… Мяне знайшлі. Бацькі, жонка і брат. І тады я цвёрда вырашыў ехаць у рэбцэнтр. Я патэлефанаваў туды зноў і адправіўся на сумоўе. Я не думаў, што стану веруючым чалавекам. Калі б мне тады сказалі, што я буду маліцца і 4 разы на тыдзень хадзіць у царкву, я б адмовіўся… Я прыехаў у «Рождественский» і ўбачыў там дваіх сваіх сяброў, былых наркаманаў. У іх былі светлыя вочы і ружовыя вусны. Яны былі жывыя. І я зразумеў, што хачу застацца. Мне паказалі расклад, распарадак дня, але ўсё гэта ўжо не мела значэння. Я пагадзіўся. Мяне адправілі дадому праходзіць медкамісію. Прайсці яе можна было за тыдзень. Я праходзіў — месяц, таму што зноў упаў у наркотыкі. Не памятаю, як доўга гэта доўжылася, але аднаго разу я сказаў жонцы: «Калі не паеду сёння, не паеду ніколі…»

У «Рождественском». Першы дзень. Дрэнна… Уначы не спаў, пацеў, стагнаў, круціла… Таблеткі там не даюць. Другі дзень. Дрэнна… Я не вытрымаў і расплакаўся. Да мяне падышоў мой сябар Мікіта: «Я зараз пайду памалюся за цябе, Бог табе дапаможа!»

Мікіта пайшоў на малітву, а я сяджу і адчуваю: мне становіцца лягчэй. Ён вяртаецца, а я ўжо ўсміхаюся скрозь слёзы. Звычайна ломка доўжыцца значна даўжэй, але там яна прайшла хутка, а ў некаторых і зусім не было. Праз два тыдні да мяне падышоў Аляксандр Ліпін, служыцель: «Ягор, як ты?» — «Нядрэнна. Я ўжо лепш сябе адчуваю. Працую. Але ўсё яшчэ пацею… і мне жудасна хочацца паліць!» — «Калі ты хочаш, я памалюся за цябе прама цяпер…» Ён памаліўся, і з таго моманту мне больш не хацелася…

Праграма праходзіць у некалькі этапаў. Першы называецца «Крызіс». Ты не выязджаеш нікуды. Да цябе прыязджаюць родныя, цябе возяць у царкву. Праз 4 месяцы едзеш у першы адпачынак. Гэта праверка. Альбо ты кажаш: «У мяне ўсё класна!», альбо вырашаеш праходзіць праграму далей. Затым пачынаецца другі этап, у Баранавічах. Агульнападрыхтоўчы. Ён доўжыцца 8 месяцаў. Кожны месяц ездзіш у адпачынак, працуеш, вучышся. І апошні этап — адаптацыя. Ты жывеш у рэбцэнтры, але не знаходзішся пад рэжымам. Ты ўжо служыцель. Я, напрыклад, быў адказны за трусоў. Мяне ніхто не кантраляваў: малюся я ці чытаю Біблію — гэта мая асабістая справа. Ты можаш хадзіць на заняткі, а можаш вывучаць прадметы самастойна. Праўда, экзамен потым усё роўна прыйдзецца здаць. Я стараўся вучыцца. Мне было цікава.

Бог здзейсніў цуд не толькі са мной. Я маліўся за жонку. Яна заставалася ў залежнасці. Я тэлефанаваў ёй па суботах, чуў неадэкватны голас і разумеў, што не магу з ёй размаўляць. Але Бог дакрануўся і да яе сэрца…

Неяк яна прыехала да мяне ў царкву (яна прыязджала туды, каб убачыцца). Да яе падышоў слуга і сказаў толькі некалькі словаў… ад Бога. У тую хвіліну яе жыццё змянілася. (Што ж ён ёй такога сказаў?) Яна больш ні разу не паліла, не піла, перастала лаяцца матам, пайшла ў царкву і пачала рыхтавацца да хросту. Я таксама прыняў хрышчэнне праз месяц пасля заканчэння праграмы. А праз два дні ў нас нарадзіўся сын Лёшка. Зараз я працую, збіраю мэблю… Пачаў новае служэнне — хаджу па школах і вяду з дзецьмі прафілактычныя гутаркі пра шкоду наркотыкаў. Будуем з Юлькай сваё жыллё…»

 — Як цябе прынялі ў царкве? Ці не адчуваў насцярожанасць?

— Людзі прыглядаюцца, і гэта нармальна. Я магу панараспавядаць чаго заўгодна… Таму назіраюць, які я ёсць, як сябе паводжу. Разумею іх, спакойна да гэтага стаўлюся.

— А ці можна адправіць у рэбцэнтр чалавека, сваяка напрыклад, супраць яго волі?

— Прымусіць прайсці праграму? Гэта выключана. Усё будуецца на тваім асабістым жаданні і імкненні. Ніякага прымусу. У любы момант ты можаш сказаць: «Адвязіце мяне дадому!» І цябе адвязуць…

— Ці ёсць розніца ў лячэнні наркаманаў і алкаголікаў?

— Не. Праграма адна. Але алкаголікам цяжэй прызнаць сваю залежнасць. Яны да апошняга называюць сябе «проста аматарамі выпіць».

— Людзей, якія туды прыязджаюць, не бянтэжыць, што праграма хрысціянская?

— Не. Туды прыязджаюць тыя, каму ўжо ўсё роўна… Жыццё ім надакучыла. Яны дакрануліся да дна.

— Што было самае цяжкае падчас рэабілітацыі?

— Цяжка ўсвядоміць, што ты нікчэмны чалавек. Цяжка прызнаць сваю няздольнасць і бездапаможнасць. Цяжка прайсці праграму да канца, калі родныя прыспешваюць і папракаюць: «Ну калі ты ўжо выйдзеш адтуль і пачнеш працаваць?!» Ім цяжка зразумець, што я павінен замацавацца. Калі я прыеду дадому наркаманам — карысці не будзе ніякай.

«… Бог прывёў мяне ў гэтае месца, каб выратаваць. На праграме хлопцы распавядалі аб сваёй першай малітве. Я задумаўся, ці была яна ў мяне… І ўспомніў верш, які напісаў аднойчы, калі было вельмі дрэнна пасля наркотыкаў.

…Юля тады ляжала ў бальніцы, у кватэры быў вэрхал, на гадзінніку каля 5-й раніцы, я сядзеў на кухні, а ў галаве круціліся радкі. Я схапіў аловак і стаў іх запісваць… Потым іх знайшла мая мама… (Пачынае чытаць…)

Эти строки никто никогда не писал,

Они были выбиты на граните болью миллионов сердец,

Каждый ангел, который упал,

Увидел таким свой конец!

Временами прожженные, дорогой избитые,

Ангелы шли, кровью и пылью укрытые,

В поисках жизни много дорог они обошли,

Но какой не был мираж бы красивый,

Счастья в нем они не нашли!

Один за одним шли ангелы, друг друга теряя,

Землю молитвами из уст сухих посыпая:

— О, Боже, дай мне сил!

Я так устал идти.

Помнишь, Ты говорил мне, что счастье можно обрести?

А в чем же счастье? Ведь так и не понял,

Внутри я бодр, а снаружи вроде болен.

Внешне я спокоен,

А внутри душа разорвана на части,

Не знаю, может, никогда

Я не познаю, что такое счастье…

Мои стихи не вдохновенье, а мною пройденный путь,

Как тяжело идти дальше, сознавая, что ничего не вернуть.

Не вернуть доверия родных и близких,

Не вернуть в глазах сияющие искры,

И ту искренность с любовью не вернуть,

Лишь с болью на душе я продолжаю свой нелегкий путь.

Эту дорогу по жизни за меня никто не выбирал,

Я сам ступил на нее смело, не понимая, что уже упал.

Не знаю, буду ли я услышан, а может, даже кем-то понят,

Но хочу сказать одно:

«Не болен тот, кто лечит свои раны,

А болен тот, кто свои раны кормит!»

(Вы бачылі мужчынскія слёзы? Я — так …)

Даведка

Рэабцэнтр «Рождественский» — месца правядзення стацыянарнай хрысціянскай рэабілітацыі. Структурнае падраздзяленне дабрачыннай рэлігійнай місіі «Вяртанне» па Мінску і Мінскай вобласці. Місія заснаваная Саветам біскупаў Аб’яднанай Царквы хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь для ажыццяўлення рэлігійнай, дабрачыннай і асветніцкай дзейнасці з выкананнем функцый сацыяльнага характару.

Дар’я Фаміна, krynica.info