Андрэй Паротнікаў: Мы стаім на парозе сур'ёзнай трансфармацыі, якая будзе ўключаць транзіт улады

Кіраўнік праекта «Belarus Security Blog» лічыць, што разварот афіцыйнага Мінска на Захад — непазбежны, разважае, што будзе далей з вайной і пасля яе і як павінна выглядаць «выдатная Беларусь будучыні».

Малюнак: damion.club

Малюнак: damion.club


Пра гэта ўсё эксперт адказвае ў спецпраекце «Салідарнасці» пад назвай «Будучыня». Ці спраўдзяцца яго чаканні?


— Да чаго імкнецца ўлада? Які сцэнар ёй бачыцца ідэальным ці хаця б жаданым?

— Агульнай карціны будучыні ў таго, што мы называем уладай, няма. У кожнай групы, нават у кожнай моцнай асобы ўнутры бюракратыі ўласнае бачанне, якое ў першую чаргу звязана з асабістымі планамі.

У гэтым асяроддзі няма глыбокіх ідэалагічных пасылаў, накіраваных, як гэта было раней, на будаўніцтва камунізму або тысячагадовага рэйха, або ліберальнай дэмакратыі. Людзі зыходзяць з таго, што ў іх ёсць у калектыўнай уласнасці ўмоўнае ЗАТ «Рэспубліка Беларусь». Рана ці позна ўнутры гэтага ЗАТ будзе рабіцца пераразмеркаванне, назавём гэта так, акцый, паёў і долей. Да гэтага і рыхтуюцца.

Аляксандр Лукашэнка — бадай, адзіны чалавек ва ўсёй гэтай групе, у каго ёсць пачуццё місіі: ён насамрэч верыць, што стварыў Беларускую Дзяржаву. І хацеў бы гэтую дзяржаву як сваю гістарычную спадчыну перадаць далей.

Ён разумее, што не вечны і рана ці позна прыйдзецца адыходзіць ад спраў. У Лукашэнкі ёсць страх, што пераемнік не зможа ўтрымаць цяперашні курс і захаваць палітычную спадчыну.

Лукашэнка спрабуе стварыць механізмы, якія не дазволілі б другому прэзідэнту Беларусі дэманціраваць гэтую сістэму ўлады.

А клубы па інтарэсах, якія існуюць унутры бюракратыі, чакаюць вокны магчымасцей, калі змогуць канвертаваць свой уладны статус у юрыдычна аформленую ўласнасць.

Таму, як толькі будуць запушчаны працэсы адыходу Лукашэнкі, пачнецца вельмі хуткая фрагментацыя рэжыму. Магчыма, на першым часе яна будзе нябачная грамадскасці.

Захаваць існуючую палітычную і сацыяльна-эканамічную мадэль не атрымаецца. Унутранага патэнцыялу для яе ўтрымання становіцца ўсё менш. Расія ў далейшым проста не зможа аказваць падтрымку на ранейшым узроўні.

Паўтараецца гісторыя з Савецкім Саюзам, калі рэзкае падзенне коштаў на нафту прывяло да таго, што сістэму прыйшлося мяняць, але ніхто не ведаў, як гэта зрабіць. У выніку спрабавалі павысіць эфектыўнасць эканомікі, захаваўшы палітычны рэжым, што прывяло да абвальвання і першай, і другога.

З майго пункту гледжання, мы цяпер стаім на парозе сур'ёзнай трансфармацыі, якая ў тым ліку будзе ўключаць транзіт улады, з'яўленне другога прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які будзе значна слабейшым з пункту гледжання палітычных і рэсурсных магчымасцей, чым першы.

Пры гэтым Расія, якая стагнуе і дэградуе, будзе вельмі раўніва глядзець на любыя спробы Беларусі трансфармаваць сістэму, паколькі гэта мае на ўвазе аднаўленне стасункаў з Захадам у тым ці іншым фармаце. Бо Еўрасаюз — гэта самы вялікі ў свеце рынак і другая пасля ЗША крыніца інавацый і тэхналогій. Плюс — найважнейшы глабальны інвестар.

Таму ўладам Беларусі не ўдасца правесці эфектыўныя эканамічныя трансфармацыі без рэверанса ў бок ЕС.

У гэтай кропцы супадуць многія пагрозы. Так што на чалавеку, які павядзе краіну далей, будзе ляжаць вельмі вялікая адказнасць. Відавочна, што гэта будзе лідар аднаго тэрміну. Яго асноўная задача — запусціць працэсы мадэрнізацыі і зрабіць іх незваротнымі. А потым яму давядзецца сысці.

22899892_original.jpeg

Малюнак: pravda.ru

— Гэта значыць, па вашай версіі, транзіт мае на ўвазе не проста перастаноўкі наверсе, але і кардынальнае змяненне грамадска-палітычнай атмасферы, дэмакратызацыю?

— Справа ў тым, што кіраванне з дапамогай страху патрабуе вялікіх укладанняў (прамых і ўскосных), якія магчымыя толькі за кошт далейшага зніжэння эфектыўнасці дзяржаўнай сістэмы.

Беларусь — гэта малая дзяржава, у якой няма дастатковага ўнутранага запасу трываласці. Зніжэнне эфектыўнасці сістэмы вельмі хутка прывядзе да краху, таму няма ніякага іншага варыянту, акрамя адкручвання гаек і, яшчэ раз паўтаруся, go west — ісці на захад.

Гэта не пытанне каштоўнасцей — дэмакратыі, правоў чалавека і гэтак далей. Гэта пытанне таго, што іншай крыніцы мадэрнізацыі для Беларусі, акрамя Еўрапейскага Саюза, няма і не будзе.

У Расіі рэсурсы вычэрпваюцца, вайна пажырае іх з незвычайна вялікай хуткасцю. У Кітая маса сваіх праблем, і для яго наш рэгіён у прынцыпе перыферыйны з пункту гледжання інтарэсаў. Кітайцы, у адрозненне ад рускіх, прапальваць банкнотамі наш паравоз не будуць.

Таму для любога прэзідэнта, які прыйдзе на змену Лукашэнку, адной з ключавых задач будзе выбудоўванне адносін з Захадам. І гэта таксама вельмі сур'ёзны выклік, таму што стратэгіі ў гэтым кірунку пакуль няма. Затое, на жаль, ёсць вялікія сумневы ў здольнасці нашай бюракратычнай машыны правесці гэты разварот якасна. І гэта таксама выклік.

Мы ўступілі ў перыяд турбулентнасці, выкліканы і ўнутранымі, і знешнімі прычынамі. Шмат гаворыцца пра тое, што ў Еўропе неабходна стварыць новую сістэму бяспекі, але хто сказаў, што туды паклічуць Расію?

Гістарычна ўжо былі прыклады, калі з Еўропы «выключалі» вялікія краіны. Давайце ўспомнім Асманскую імперыю. Гэта была еўрапейская ў палітычным вымярэнні краіна, якую называлі некаторы час «хворым чалавекам Еўропы». Еўропы, а не Азіі ці Афрыкі. Канстанцінопаль перайменавалі ў Стамбул толькі ў 1930 годзе. І здарылася гэта пасля таго, як Турцыю фактычна выкраслілі з Еўропы па выніках Першай сусветнай вайны.

Цяпер Захад можа вырашыць, што Расіі ў Еўропе рабіць няма чаго. І пачне адгароджвацца сцяной. І яшчэ адным выклікам для нас стане тое, з якога боку сцяны мы апынёмся і колькі ў гэтай сцяне будзе брам і брамак.

— Многія скажуць, што цяперашнім уладам Беларусі больш выгадна апынуцца разам з Расіяй, па іншы бок ад Еўропы. Выжываюць жа неяк Іран, Паўночная Карэя, Венесуэла, нягледзячы на перманентны канфлікт з Захадам. Затое ўмяшанне з яго боку мінімізавана, ніхто не патрабуе дэмакратыі. З пункту гледжання захавання палітычнай мадэлі — прыгажосць!

— Фокус у тым, што калі Беларусь застаецца па расійскі бок вялікай еўрапейскай сцяны, то верагоднасць атрымаць па галаве крамлёўскай булавой рэзка ўзрастае і набліжаецца да 100%.

Па меры вычарпання кармавой базы ўнутры РФ расійскія сілавыя і палітычныя эліты пачнуць азірацца па баках. Гэта рэальная пагроза для беларускіх эліт, што з усходу проста прыйдуць, забяруць усе «свечачныя заводзікі», а тых, хто паспрабуе супраціўляцца, ліквідуюць.

Акрамя таго, пры спробе застацца па расійскі бок сцяны з Беларусі пачнецца масавы зыход маладога пакалення, якое хоча добра зарабляць і якасна марнаваць заробленае. Дый наша так званая кіруючая эліта — гэта ж геданісты на самай справе.

Калі мы паглядзім, куды любяць падарожнічаць беларускія чыноўнікі і прапагандысты, якія яшчэ з'яўляюцца ўязнымі ў Еўрасаюз, то чамусьці Крым яны не выбіраюць. Ім больш падабаецца Ніца, ці ведаеце, Іспанія, Грэцыя, а вось на курорты Краснадарскага краю ніхто з іх не спяшаецца — цікава, чаму?

Беларусь культурна, ментальна і гістарычна — еўрапейская краіна. Цяга да Еўропы прысутнічае ва ўсіх слаях нашага грамадства ў большай ці меншай ступені. Тым больш што Расія аказалася няздольнай сфарміраваць прывабны вобраз сучаснасці і будучыні. Так што ў адсутнасць ідэалогіі, якая пераканаўча абгрунтоўвае антызаходніцтва (як у КНДР ці Іране), і пры наяўнасці рэальнай пагрозы з боку расійскіх эліт выбару ў беларускіх улад практычна няма.

«Вяртанне ў Еўропу» можа і павінна стаць адным з краевугольных камянёў вялікай нацыянальнай стратэгіі, «беларускай мары».

— Як эксперту ў галіне бяспекі не магу не задаць вам пытанне на шмат мільёнаў долараў: што будзе далей з вайной і якія наступствы для Беларусі можна чакаць?

— Ключавое пытанне — далейшы фармат удзелу Беларусі ў вайне. Насуперак распаўсюджаным інсінуацыям, што Масква цісне на Мінск, каб беларускае войска ўварвалася ва Украіну, ніякіх ні публічных, ні непублічных пацвярджэнняў гэтай інфармацыі няма.

Крэмль у пачатку вайны запытаў ва ўсіх краін АДКБ ваенную тэхніку, боепрыпасы і... усё. Аб прамым удзеле гаворкі ніколі не ішло.

Калі гэта сітуацыя будзе захоўвацца і далей, то Беларусь апынецца прыблізна ў тым жа становішчы, што і Аўстрыя пасля Другой сусветнай: яе грамадзяне ўдзельнічалі ў вайне, але сама яна як дзяржава — не, паколькі на той момант была анексавана і дэ-юрэ не існавала. Таму да Аўстрыі як дзяржавы ніякіх прэтэнзій не было, хоць былі прэтэнзіі да асобных аўстрыйцаў. Зразумела, што гістарычныя аналогіі кульгаюць. Але спрошчана гэта можна ўявіць так.

Што тычыцца перспектыў самой вайны, то трэба назіраць за дзеяннямі Захаду. Ён рыхтуецца ваяваць на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў, разгортвае сваю ваенную прамысловасць. Тое самае робіць і Расія.

Гэтая вайна шмат у чым рухаецца воляй аднаго чалавека. Пакуль Уладзімір Пуцін захоўвае здольнасць навязваць расійскім элітам гэтае сваё жаданне, вайна будзе працягвацца. А Пуцін не можа адмовіцца ад вайны. Таму што для яго гэта будзе раўнасільна палітычнаму краху. На далучэнне Украіны ён паставіў усё.

Аднак у нейкі момант Расія як дзяржава можа ўсвядоміць вычарпанне ўласных магчымасцей вядзення вайны. Тады ў яе паўстане патрэба ў пагадненні. Гэта не абавязкова павінен быць мірны дагавор, магчыма і пагадненне аб спыненні агню. Але для заключэння здзелкі на прымальных умовах спатрэбіцца рэзкая эскалацыя сітуацыі. І па вялікім рахунку ёсць два шляхі для такой эскалацыі.

Atacms. Фота з Twitter

Atacms. Фота з Twitter


Першы — гэта пашырэнне зоны баявых дзеянняў і колькасці ўдзельнікаў. Адпаведна Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкі. Але не толькі Беларусь, а таксама і краіны ўсходняга фланга НАТА, якія маюць мяжу з Расійскай Федэрацыяй. Вось тут могуць узнікнуць значна больш сур'ёзныя праблемы, чым у выпадку прамога ўключэння Беларусі ў вайну з Украінай.

Другі — гэта пераход да новых сродкаў вядзення вайны. Выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі. Наўрад ці гэта спыніць украінцаў у жаданні працягваць ваяваць, а вось для Расіі палітычныя наступствы могуць быць проста катастрафічнымі.

Чым даўжэй зацягваецца вайна, тым вышэйшая імавернасць эскалацыі і тое, што яна закране Беларусь. Калі мы паглядзім на запланаваныя вайсковыя закупкі Польшчы і Літвы, то ўбачым ракеты «Atacms» і іх паўднёвакарэйскія аналагі. Гэта не для пускаў па Расіі, да якой яны не дацягнуцца. А Калінінградскі анклаў прастрэльваецца нават наяўнай у гэтых краін ствольнай і рэактыўнай артылерыяй.

«Atacms» — гэта якраз-такі на выпадак узнікнення праблем з боку Беларусі.

Так што ў трывожны час жывём. Але час гістарычны.

— А як вам бачыцца пазітыўная і адначасова рэалістычная альтэрнатыва для Беларусі?

— З майго пункту гледжання, для Беларусі больш прымальнымі, блізкімі гістарычна і ментальна з'яўляюцца мадэлі, створаныя ў краінах Паўночнай Еўропы.

Беларусь будучыні — гэта краіна, якая цесна інтэгравана ў Еўропу: альбо ў якасці члена ЕС, альбо як удзельнік Еўрапейскай эканамічнай прасторы. Я хутчэй праціўнік уступлення ў НАТА і наогул любых шматбаковых ваенна-палітычных пагадненняў з нашым удзелам.

Гэта краіна, якая складаецца ў асноўным з дробных і сярэдніх уласнікаў. Мільёны людзей маюць альбо каштоўныя паперы, альбо зямлю, альбо нерухомасць, альбо ўласны бізнес.

Гэта, безумоўна, краіна ўзброеных грамадзян. У беларусаў павінна быць права на зброю, уключаючы баявую аўтаматычную. Калі хтосьці не ведае, то скандынаўскія краіны па колькасці зброі на душу насельніцтва знаходзяцца сярод сусветных лідараў, захоўваючы пры гэтым адносна нізкі ўзровень гвалтоўных злачынстваў.

Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што даступнасць альбо недаступнасць зброі наўпрост ніяк не ўплывае на ўзровень злачыннасці, які залежыць ад культуры грамадства. Калі грамадства ў цябе не вельмі культурнае, то грамадзяне спраўляюцца нажамі, сякерамі і зэдлічкамі, і ўсё ў іх выдатна атрымліваецца. Калі грамадства культурнае, то і аўтамат культурна знаходзіцца ў сейфе, і яго дастаюць для трэніровак, а потым чысцяць і ставяць назад.

Мой ідэал — цывілізаванае грамадства ўзброеных уласнікаў з высокім узроўнем сацыяльных стандартаў і эфектыўнай сістэмай адукацыі. Краіна, з якой не бягуць, а куды імкнуцца пераехаць жыць людзі высокай кваліфікацыі ў розных сферах.

Увогуле, глядзім, напрыклад, на Данію або Швецыю і разумеем, да чаго нам варта імкнуцца.

Фота: informator.press

Фота: informator.press


— І як нам з сённяшніх рэалій дагнаць і перагнаць Данію?

— Спатрэбіцца стварыць сістэму, максімальна спрыяльную для самарэалізацыі грамадзяніна. Чалавек павінен перастаць быць рэсурсам для бюракратыі: фінансавым, электаральным і г. д.

Асоба павінна валодаць высокай ступенню аўтаноміі: і палітычнай, і культурнай, і эканамічнай. Неабходна правесці ўсебаковую лібералізацыю і вядзення бізнесу, і грамадскай актыўнасці.

Безумоўна, неабходна развіваць мясцовае самакіраванне. Максімальныя паўнамоцтвы павінны быць перададзены гарадам. Беларусы ператварыліся ў гарадскую нацыю, больш за 80% грамадзян нашай краіны жывуць у гарадах. Так што ўся ўлада не проста саветам, а менавіта гарадскім саветам.

Высокая ступень аўтаноміі асобы і высокая ступень мясцовага самакіравання — гэта неабходны базіс, каб запусціць развіццё краіны і стымуляваць яго. Дзяржава павінна захаваць за сабой толькі тыя паўнамоцтвы, якія з'яўляюцца крытычна значнымі: сфера бяспекі, ахова гісторыка-культурнай спадчыны і навакольнага асяроддзя, сацыяльныя стандарты і іх забеспячэнне, інфраструктура і знешняя палітыка.

А вось лезці ва ўсё астатняе дзяржаве проста не варта. Гэта павінна быць аддадзена на нізавы ўзровень. І тады ўсё ў нас праз нейкі час будзе добра.