Андрэй Пачобут скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы — на гэта яму далі толькі месяц

Журналіст-палітвязень Андрэй Пачобут з-за гэтай справы нават вымушаны быў адмовіцца ад абеду — чытаў матэрыялы з раніцы да вечара, паведамляюць гродзенскія праваабаронцы.

paczobut_3.jpg

Андрэй Пачобут паведаміў блізкім, што 5 верасня скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. Аб’ём справы агромністы, а на знаёмства з ёй выдзелілі толькі месяц. Пачобут для таго, каб прачытаць як мага больш, нават адмовіўся ад абеду і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара.

У лісце ён згадаў і пра знішчэнне польскіх мемарыялаў: «..Чуў пра Сурканты, насамрэч, гэта апошні стрэл, больш ужо нічога няма, каб на польскі мазоль наступіць. Жаўнеры, яны 50 гадоў без крыжа ляжалі, таму ім не звыкаць… А памяць пра Сурканты, пра жаўнераў ад гэтага толькі ўзмацніцца як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Не першы раз у гісторыі разбураюцца польскія могілкі…».

Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. Трох затрыманых актывістак пазней выпусцілі з-за кратаў, дазволіўшы выехаць у Польшчу. У Беларусі засталіся Пачобут і старшыня неафіцыйнага «Саюза палякаў у Беларусі» Анжаліка Борыс. Яе сёлета ўвесну перавялі пад падпіску аб нявыездзе.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». Таксама паведамлялася, што яго абвінавацілі ў закліках да санкцый.