«За больш як 800 дзён за кратамі не змяніўся». Ігар і Дар’я Лосік атрымалі спатканне на суткі
Ігару і Дар’і Лосікам дазволілі спатканьне ў турме. «Самым складаным для мяне было выходзіць з калёніі пасьля спатканьня і разумець, што ўсё самае важнае і дарагое для мяне ў гэтым жыцьці засталося ў тым пакоі», — прызнаецца Дар’я.
Палітвязень Ігар Лосік за кратамі ўжо 805 дзён. Яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Першае працяглае спатканьне Ігара і Дар’і Лосікаў цягнулася суткі. Дар’я прыехала ў Наваполацкую калёнію раніцай 6 верасьня, выйшла адтуль 7 чысла. Яна расказала “Св*бодзе”, што пэрсанал калёніі паставіўся да яе падкрэсьлена ветліва, ніякіх прэтэнзій не прад’яўляў. Для сустрэчы Ігару і Дар’і далі асобны пакой, кухня была агульная з памяшканьнямі, дзе праходзілі сустрэчы з роднымі ў іншых вязьняў. Як расказвае Дар’я, усе памяшканьні былі адрамантаваныя, у добрым стане.
«Роўна суткі нам далі на сустрэчу, — кажа Дар’я Лосік. — Ігар перад сустрэчай пісаў у лістах, што калі нам дадуць доўгатэрміновае спатканьне, то гэтыя суткі ён будзе максымальна пазытыўны, ніякіх сумных думак ня будзе дапускаць. Каб не сапсаваць ніводнай хвіліны нашай зь ім сустрэчы. Ігар быў у добрым настроі. Упершыню больш як за два гады нам удалося пабыць хаця б суткі разам. І гэта ўжо добра. Я гэтаму вельмі рада».
Па словах Дар’і, яны шмат размаўлялі з мужам. Пра тое, пра што не напішаш у лістах, пра асабістае, пра дачку Паўліну. Як лепш яе аддаць у садок, на якія гурткі яе запісаць. Размовы былі і побытавыя, самыя розныя.
«Ігар расказаў, што ніякага прэсінгу на яго ў калёніі па стане на раніцу 7 верасьня не аказвалі, — кажа Дар’я. — Усё спакойна. Ходзіць на працу, як і хадзіў. Шэсьць дзён на тыдзень праца, раз на два тыдні тэлефанаваньне родным. Умовы адрозьніваюцца ад СІЗА хаця б тым, што пасьля працы можна выйсьці на сьвежае паветра і крыху парухацца там. Хаця б больш рухаў, нейкая праца. Маральна яму там лягчэй, чым у СІЗА».
Як кажа Дар’я, у Наваполацкай калёніі Ігар атрымлівае лісты ад родных, яны даходзяць даволі хутка. Ад іншых людзей лісты яму не перадаюць.
Узмоцнены рэжым, па якім Ігар Лосік адбывае пакараньне, прадугледжвае два працяглыя спатканьні на год. Акрамя гэтага, адміністрацыя калёніі яшчэ можа дазволіць тры кароткія спатканьні на год пры ўмове, што вязень іх не пазбаўлены. Працяглае спатканьне можа быць і на 2–3 сутак, гэта ўжо вызначае адміністрацыя.
«Да пліты ў калёніі Ігар мяне не падпусьціў, — расказвае Дар’я. — У лістах казаў, што калі будзе працяглае спатканьне, каб я ні ў якім выпадку ня везла з сабой таго, што трэба гатаваць. Каб не губляла час на кухні. Склаў цэлы сьпіс з фастфуду, які трэба прывезьці яму. Сказаў, што даўно гэтага ня еў. Там былі піца, сушы, чызбургеры. Кава, гарбата, штосьці з салодкага».
Як кажа Дар’я, Ігар Лосік больш як за 800 дзён за кратамі не зьмяніўся. У яго не зьявілася турэмных словаў у размове, ён па-ранейшаму такі самы ў адносінах зь ёю, якім быў да арышту.
«Самым складаным для мяне было выходзіць з калёніі пасьля спатканьня і разумець, што засталося вельмі моцнае адчуваньне — усё самае важнае і дарагое для мяне ў гэтым жыцьці засталося ў тым пакоі», — прызнаецца Дар’я Лосік.