Андрэй Бандарэнка апраўданы і заўтра павінен выйсці на волю

Працэс па справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі праходзіў у судзе Ленінскага раёна Магілёва.  

Андрэй Бандарэнка пад час суду

Андрэй Бандарэнка пад час суду


Яго абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (ч.2 арт.411 КК).

 На суд прыехалі Мікалай Статкевіч з Марынай Адамовіч, праваабаронцы Таццяна Равяка і Павел Сапелка, Ганна Шапуцька, бацька Андрэя Бандарэнкі. Былі таксама мясцовыя праваабаронцы, журналісты — усяго каля 30 чалавек.

Самым хвалюючым момантам стала ўвядзенне Андрэя ў залу судовага пасяджэння. Яго вялі пад аховай міліцыі ў кайданках, з вялікай торбай для папер. Ён усміхаўся прысутным і ківаў галавой знаёмым.

У якасці старшыні ў працэсе выступіў суддзя Сяргей Мазураў, дзяржаўным абвінаваўцам быў Сяргей Мінаў.

«Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» выявілася ў трох эпізодах: 5 мая 2016 года ён у дзённы час ляжаў на ложку і чытаў кнігу, на нібыта выказаныя кантралёрамі заўвагі не зрэагаваў. 25 мая 2016 года пры вяртанні з прагулкі нібыта ўступіў у гутарку з іншым асуджаным. 30 верасня 2016 года не зрабіў належны даклад, калі ў камеру ўвайшоў прадстаўнік адміністрацыі і ў здадзенай прадукцыі (Бандарэнка склейваў канверты ў камеры) быў знойдзены брак (шэраг канвертаў склеіліся).

У судзе была дапытаная жанчына, з якой ён нібыта «ўступіў у гутарку» ў турме 25 мая 2016 года, што і было расцэнена як парушэнне. Самым цікавым было тое, як гэтая жанчына апынулася ў турме і якая ёй была справа да Андрэя? Аказалася, яе этапавалі са следчага ізалятара ў турму, змясцілі ў суседнюю з Андрэем камеру, і яна чакала, калі той будзе вяртацца з прагулкі.

Усім у залі стала відавочна, што гэта была правакацыя. Да таго ж, адказваючы на пытанні Андрэя, сведка дапускала адкрытае лжэсведчанне. Аднак пракурор і суд не палічылі патрэбным неяк адрэагаваць на гэта, адхіліўшы хадайніцтва адваката аб накіраванні справы на дадатковае расследаванне.

Паказанні далі каля дзесяці супрацоўнікаў Магілёўскай турмы. Яны распавялі ў дэталях пра «страшныя парушэнні рэжыму, дапушчаныя Бандарэнкам». Пры гэтым іх словы ў судзе разыходзіліся з тым, што яны казалі на папярэднім следстве. А суддзя тым часам раз за разам здымаў пытанні Андрэя.

У прысутных у залі суду склалася перакананне, што выкладзеныя ў абвінавачванні факты з’яўляюцца вынікам правакацый, спланаваных адміністрацыяй турмы з мэтай сабраць нейкую доказную базу. На мой погляд, Андрэю і яго адвакату ўдалося паставіць сабраныя доказы пад сумнеў і давесці, што прыкмет злоснага непадпарадкавання патрабаванням адміністрацыі наогул не было.

У заключным слове пракурор запрасіў для Андрэя Бандарэнкі адзін год і адзін дзень пазбаўлення волі.

Але, на дзіва, суддзя Сяргей Мазураў не знайшоў у дзеяннях Бандарэнкі складу злачынства і поўнасцю яго апраўдаў.

Такім чынам, 31 сакавіка ў Бандарэнкі заканчваецца тэрмін зняволення і ён выходзіць на волю.