Amnesty International ініцыявала кампанію салідарнасці з палітвязнем Змітром Паліенкам
Праваабаронцы заклікаюць слаць лісты Змітру Паліенку ў Бабруйскую калонію, паведамляе Радыё Свабода.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала беларускія ўлады тэрмінова вызваліць грамадскага актывіста Змітра Паліенку, якога праваабаронцы лічаць вязнем сумлення. Людзей, якія спачуваюць Паліенку, праваабаронцы заклікалі пісаць яму лісты ў Бабруйскую калонію.
Пра пачатак кампаніі салідарнасці са Змітром Паліенкам Свабодзе паведаміла супрацоўніца еўрапейскага і цэнтральнаазіяцкага офісу Amnesty International Айша Юнг.
Беларускія праваабаронцы таксама лічаць Паліенку палітвязнем і патрабуюць ягонага вызвалення і перагляду крымінальнай справы.
Грамадскі актывіст Зміцер Паліенка знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі ўжо болей за паўгода.
Летась у кастрычніку Зміцер быў асуджаны на 2 гады з адтэрміноўкай паводле абвінавачання ў гвалтоўных дзеяннях да супрацоўніка міліцыі. Паводле суду, актывіст парваў супрацоўніку ДАІ вопратку і штурхнуў яго падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса», якая адбылася ў Мінску ў траўні 2016 году.
Тады падчас следства Зміцер Паліенка адбыў у ізалятары паўгода. Гэты час яму залічылі, калі сёлета ў красавіку яго зноў судзілі і ўсё ж адправілі ў Бабруйскую калонію — за тое, што не выконваў умоваў адтэрміноўкі пакарання (удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях пратэсту).
Бацька палітвязня Аляксандр Паліенка, які 23 лістапада бачыўся з ім у Бабруйскай калоніі, не выключае верагоднасці таго, што ў калоніі ягонаму сыну яшчэ і павялічаць тэрмін зняволення.
«Сын казаў, што да яго наўмысна чапляюцца, ужо тройчы адпраўлялі ў карцэр. То нібыта курыў у неналежным месцы, то за незасланы ложак. Думае, робяць з яго злоснага парушальніка, каб лягчэй было ўжыць 411-ы артыкул Крымінальнага кодэксу аб „непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі“. А за гэта свеціць яшчэ год», — паведаміў Аляксандар Паліенка.
На думку бацькі вязня, міжнародная кампанія салідарнасці з ягоным сынам будзе вельмі карыснай.
Гэта вялікая маральная падтрымка, калі чалавек атрымлівае ў турме лісты з іншых краінаў. Да яго проста інакш ставяцца, ў тым ліку і адміністрацыя.
«Можа, нарэшце ад яго адчэпяцца. Калі не вызваляць датэрмінова, дык хоць не будуць ужываць 411-ы артыкул, бо цяпер гэта на кантролі шмат у каго ў свеце. Ведаю, што ўвогуле гэта вялікая маральная падтрымка, калі чалавек атрымлівае ў турме лісты з іншых краінаў. Да яго проста інакш ставяцца, ў тым ліку і адміністрацыя», — пракамэнтаваў навіну пра міжнародную кампанію салідарнасці з сынам Аляксандар Паліенка.
Паводле суду, Зміцер Паліенка мусіць выйсці на волю ў кастрычніку 2018 году.
Адрас Змітра Паліенкі ў калоніі: 213800, Магілёўская вобласць, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.