«Амаральныя паводзіны» — за чырвона-белы плед на балконе аштрафавалі і звольнілі педагога
Педагога-дэфектолага з Астраўца Ганну Огур асудзілі на 20 базавых за чырвона-белы плед на балконе. А яшчэ яе звольнілі з працы ў дзіцячым садку.
Сваю гісторыю «Рэгіянальнай газеце» расказала жыхарка Астраўца Ганна Огур:
— 25 сакавіка я была на бальнічным. На балкон павесіла сушыць плед. Ён белы з чырвонай паласой пасярэдзіне і чырвонай каймой па краях. Плед на Новы год падарыла нам маці мужа. Праз дзве гадзіны да нас прыехала міліцыя. Супрацоўнікі зайшлі ў кватэру. Сказалі, што ў нас на балконе незарэгістраваная сімволіка. Муж таксама быў дома, ён працуе па зменах. Спрабаваў спрачацца з міліцыянерамі, даказваў, што плед — гэта не сцяг. Але нам сказалі ехаць у РАУС.
Мужа і жонку дапыталі. На Ганну склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне. Пасля яны паехалі дамоў, а плед і ноўтбук забрала міліцыя. У хуткім часе сілавікі вярнуліся, сказалі Ганне збірацца. Зноў прывезлі ў РАУС і ўжо пакінулі тут на суткі да суда.
— Мяне забралі на суткі, нягледзечы на тое, што ў мяне двое непаўналетніх дзяцей. І мужу нічога не паведамілі пра маё затрыманне, ён даведваўся сам, — адзначае суразмоўца.
26 сакавіка Ганну судзілі. Прызналі вінаватай у тым, што яна «25 сакавіка ў 8 гадзін на балконе ў дзень падзеі "Дзень волі" правяла адзіночнае пікетаванне шляхам вывешвання бел-чырвона-белай матэрыі».
Астраўчанка атрымала штраф 20 базавых — 580 рублёў.
— А 8 красавіка мяне звольнілі з працы ў дзіцячым садку па артыкуле за амаральныя паводзіны. Я працавала дэфектолагам. Прасіла працадаўцу пачакаць, хаця б пакуль будзе адказ на апеляцыю, якую мы падалі з адвакатам. Але мяне ўсё ж звольнілі.
Цяпер адвакат рыхтуе абскарджванне з прычыны звальнення Ганны, а таксама жанчына падала скаргу на незаконныя дзеянні работнікаў РАУС. Журналісты «Рэгіянальнай газеты» звярнуліся па каментар у дзіцячы яслі-сад №1 Астраўца, дзе працавала Ганна.
«Пры звальненні мы ўсё ёй сказалі, аргументавалі. Усё напісана ў яе працоўнай кніжцы», — адказалі ў адміністрацыі.