Аляксандр Мілінкевіч: Мы павінны выйграць Беларусь
Палітык, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандр Мілінкевіч паразважаў пра «першый дзень пасля дыктатуры».
Адказваючы на пытанне «Салідарнасці» «Калі адчыніцца акно магчымасцяў?», Аляксандр Мілінкевіч адзначыў:
— Мы ўсе задаем сабе гэтае пытанне. Але ж гістарычныя працэсы сапраўды непрадказальныя, гэта шматфактарная сістэма і можа спрацаваць фактар, які мы сёння нават не заўважаем. Усё можа быць: і смерць дыктатараў, і пераварот, і што заўгодна.
Але самае важнае скажу: мы не маем права прафукаць першы дзень пасля дыктатуры. Ад таго, у якім стане мы выйдзем на гэты момант, і будзе залежаць лёс нашай краіны. Мы павінны выйграць Беларусь.
А барацьба будзе самая адчайная. Для Расіі гэта будзе як апошні бой, каб Беларусь ад яе не адышла. Купляць будуць эліту ва ўрадзе, генералаў, будуць спакушаць таннай нафтай і газам — гэта ўсё будзе. І ці зможам мы вырвацца з кіпцюроў такога новага папулізму і гібрыдай ва ўсёй прыгажосці, асабліва калі жыць будзе цяжка, калі будзе разваленая эканоміка?
Але калі мы ўсвядомім адказнасць і будзем разам, то пераможам. Калі мы там прайграем, гэта ўжо можа быць амаль на векі вечныя. Вось пра гэта я думаю больш за ўсё.
Мне здаецца, мы па-дзіцячаму трохі зацыкліліся на Лукашэнку. Нам думаецца, што ва ўсім вінаваты толькі ён, вось яго заўтра не будзе, і мы прачнемся, апранемся — і ура! — дабрабыт, Еўропа і ўсё астатняе. Не! Трэба быць гатовымі да гэтага моманту, калі будуць больш маштабныя выпрабаванні і пагрозы.
Давайце рыхтавацца, бо ад нас усё залежыць. І вось тут ужо не рэжым будзе вінаваты, і не Пуцін. Мы мусім быць гатовымі!
Таксама палітык выказаўся пра супрацьў украінцаў расійскай агрэсіі:
— Украінцы сапраўды героі, яны за «нашу і вашу» свабоду змагаюцца і праліваюць кроў. Гэта цяжкае пытанне і дай божа, каб не дайшло да таго, каб вайна перакінулася на нашу тэрыторыю. Хаця страшна, калі сюды цягнуць ядзерную зброю, а потым без нашага дазволу маньякі з Крамля стралянуць з тэрыторыі Беларусі. Мы разумеем, што можа прыляцець у адказ.
Ёсць працэсы, на якія мы моцна не ўплываем, але ўсё ж такі мы кожны сам за сябе і самі за сябе мусім адказаць. Мы, як народ, мусім адказаць на выклікі часу.
Ці можам мы са зброяй у руках? Я думаю, што так. Што нават тое войска, што ёсць у краіне, калі б прыйшоў нейкі захопнік, някепска сябе б паказала. Яно не такое моцнае, але не разбяжалася б па кустах, я ўпэўнены.
Я маю на ўвазе абстрактнага захопніка. Ну, калі гэта будзе расійскі захопнік, анексія — гэта, пакуль, канешне, іншая справа.
— Рэжымы, што ў Мінску, што ў Крамлі нікуды нас не вядуць, яны спрабуюць спыніць час, нават вярнуць нас у мінулае, — лічыць Аляксандр Мілінкевіч. — Дыктатары ні з кім не сябруюць, яны трымаюцца адно з адным, бо самі жывуць у бясконцым страху і страшаць усіх вакол.
Тое, што больш за паўмільёна з’ехалі з краіны — сапраўдная трагедыя, але мы пры гэтым працягваем працаваць на Беларусь: журналісты пішуць, арганізацыі, актывісты займаюцца грамадскімі і палітычнымі справамі, мы здабываем неацэнны досвед жыцця ў цывілізаваных краінах.
І я ўпэўнены, знаю, што Захад разумее, як важна ўжо зараз інвеставаць у беларусаў, а потым будзе выгадна ў краіну. І як толькі Беларусь будзе вольнай, яна можа стаць лакаматывам рэформаў для Усходняй Еўропы і паспрыяць бяспецы ў рэгіёне, у нас усё ёсць для гэтага.
Я аптыміст і веру, што «загляне сонца і ў наша
аконца». Толькі нельга ламацца. Так, цяжка, няпроста, столькі зла вакол. Але
праходзім гістарычны час, і нам усім не будзе сорамна перад будучымі
пакаленнямі, адназначна.